Пад беларускім прэсам #6: хто выйграў інфармацыйную вайну за газ?

На мінулым тыдні мы з вамі, шаноўныя слухачы і, спадзяюся, слухачкі, сталі сведкамі сапраўднай – і, па звестках газеты “Наша Ніва”, ужо трэцяй па ліку газавай вайны паміж Расіяй і Беларуссю. Праўда, гэтым газам… прабачце, гэтым разам вайна вялася не столькі на палітычным, колькі на інфармацыйным полі. І Беларусь гэтую вайну, на жаль, прайграла. Прынамсі, у гэтым перакананы прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка:

“Што людзі ведаюць з таго, што адбылося ў сувязі з пастаўкамі прыроднага газу ў Беларусь з Расіі? Тое, што сказалі ў "Газпроме". Яны выкарысталі свой канал, нашы каналы на гэта нейкім чынам адрэагавалі. Але, тым не менш, шмат хто прыгадае сказанае там, на расійскім тэлебачанні.

А пра тое, што насамрэч адбылося, людзі так да канца і не даведаліся. Чыя гэта віна? Гэтага мы, чыноўнікі, якія найперш зацікаўленыя ў тым, каб распавесці людзям праўду (і гэта вельмі важна з эканамічнага і фінансавага гледзішча), не зрабілі”.

Дзіўна. Крыху больш за 2 месяцы прайшло, як парламент ухваліў праект закону, згодна з якім чыноўнікі не маюць права каментаваць працу дзяржаўных устаноў іначай, як з дазволу кіраўніка – і на табе! “У дзяржавы павінен быць свой голас” – такі загаловак мы бачым на першай паласе газеты “Рэспубліка”. Але вядзецца не пра гэта. Гаворка пра газава-інфармацыйную вайну, якая, па шчырасці, зрабіла мінулы тыдзень цікавейшым за астатнія.

Яшчэ ў панядзелак, 30 ліпеня на абодвух інфармацыйных франтах абсмоктвалі апошнія кадравыя перастаноўкі ў нафта-газавай галіне і чакалі, з чым жа вернецца з Масквы Сяргей Сідорскі. Аднак спадзевы на 1,5-мільярдны некамерцыйны крэдыт, па які беларускі прэм’ер паехаў дамаўляцца з расійскім калегам, раптоўна не спраўдзіліся: Сідорскі вярнуўся ні з чым.

На наступны дзень, 31 ліпеня, “Газпром” трымаў паўзу. У Маскве чакалі ад Беларусі дзвюх рэчаў: грошай ці ўрадавых гарантый таго, што рахункі будуць аплочаныя. Незалежная прэса ў гэты дзень растыражавала здагадку расійскага палітолага Андрэя Суздальцава, што ў якасці гарантый аплаты Расія запатрабуе акцыі найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў.

Бомба грымнула ў першы дзень жніўня. “Газпром” агучыў намер скараціць пастаўкі газу ў Беларусь на 45%. Спраўдзіўшы гэтую інфармацыю, журналісты незалежных Інтэрнэт-рэсурсаў пачалі шукаць адказы на пытанні, ці сапраўды “Газпром” можа прыкруціць вентыль і ці ёсць у Беларусі шанцы спыніць гэты рух “рукі Масквы”.

Увечары інфармацыя пра магчымае скарачэнне паставак газу ў Беларусь дасягнула выпуску навінаў на Першым нацыянальным тэлеканале. Асабіста мяне гэта вельмі здзівіла: чаму афіцыёзныя СМІ не праігнаравалі нечакана жорсткую і вельмі нязручную рэакцыю “Газпрома” на тое, што нашая краіна марудзіць з плацяжамі?

Мяркуецца, што журналісты дзяржаўных медыяў адчулі, як пад імі захісталася глеба. Не, 1 жніўня ніхто не казаў з тэлеэкранаў пра тое, што Расія, якая, па вялікім рахунку, сваім танным газам і забяспечвае высокія ганарары “чэсным” журналістам, раптам здрадзіла. Але ўсе падумалі, і пытанне: “Што рабіць?” – павісла ў паветры. У такіх выпадках бяспечней за ўсё казаць праўду. І словы пра тое, што Беларусь не здолела заплаціць “Газпрому” па рахунках, абляцелі краіну.

Да таго ж, тон заявы “Газпрома” не пакідаў сумневаў у сур’ёзнасці намераў расійскіх газавікоў. У верагоднасць таго, што прыкладна а 9-й раніцы 3 жніўня дзяржаўным СМІ Беларусі давядзецца тлумачыць людзям, чаму з трубы знік газ, паверылі. Таму рыхтаваць электарат пачалі загадзя:

“Як паведамілі ў Міністэрстве прамысловасці, нават у выпадку скарачэння паставак газу прадпрыемствы не адчуюць наступстваў. Яго аб'ёмы паміж спажыўцамі будуць пераразмеркаваныя.

Для паўнавартаснай працы прамысловасці энергетыкі маюць намер выкарыстаць запасы з падземных газасховішчаў. А вось забяспечыць электрычнасцю жылы сектар, у выпадку неабходнасці, дапамогуць рэзервы мазуту”.

Перспектыву скарачэння паставак газу афіцыйныя медыі змякчалі, як маглі. Паралельна са сціслай інфармацыяй пра стан канфлікту “Рэспубліка” супакойвала грамадства тым, што “хутка ў Мінску могуць з'явіцца энергазберагальныя дамы, збудаваныя па новых тэхналогіях”, а Агульнанацыянальнае тэлебачанне вучыла, “як пазбавіцца газавай залежнасці”:

“Як пазбавіцца газавай залежнасці? На гэтае пытанне ў Беларусі ўжо даўно далі адказ. Ёсць некалькі нацыянальных праграм, каардынуючая Дырэктыва Прэзідэнта.

Энергаэфектыўнае рашэнне на мінскім заводзе будматэрыялаў раней валялася пад нагамі. У цэху дрэваапрацоўкі. Зараз усе адкіды ідуць у топку”.

2 жніўня, калі адступаць ужо не было куды, афіцыйную пазіцыю Беларусі ў канфлікце з “Газпромам” выказаў асабіста Аляксандр Лукашэнка. Для заявы пра тое, што расійскія бізнэсоўцы не паставяць беларускага прэзідэнта на калені, складана было знайсці больш прыдатнае месца, чым рэдакцыя “Советской Белоруссии” – флагмана ідэалагічнай апрацоўкі грамадства.

Натуральна, што віну за правал урадавых перамоў па крэдыце Аляксандр Лукашэнка ўсклаў на Маскву. Прэзідэнт назваў перамовы здзекам і загадаў прэм’еру ездзіць па грошы ў іншым напрамку.

І, бадай што, самае галоўнае. Спадар Лукашэнка заявіў, што “Газпром” атрымае па рахунках за газ. Цытата з газеты “Звязда”:

“Я даў каманду ўзяць з рэзерву гэтыя грошы i заплацiць iм 460 мільёнаў долараў, бо дайшло ўжо да зняваг. Беларусь разлiчыцца за пастаўлены газ. Няхай жывуць спакойна. I наогул, трэба пераходзiць на больш рэалiстычныя адносiны з Расiяй”.

Расейцы засталіся задаволеныя шчыраваннямі Аляксандра Лукашэнкі і далі Беларусі яшчэ адну тыднёвую адтэрміноўку – да 10 жніўня. І, як толькі стала зразумела, што газ такі застаўся там, дзе яму належыць быць, – у трубе – і застаўся ў поўным аб’ёме, афіцыёзная прэса рынулася ў атаку на “Газпром”.

“Интерфакс” працытаваў першага намесніка міністра энэргетыкі Беларусі Эдуарда Таўпянца, які абвінаваціў расійскі канцэрн у парушэнні дамовы. Маўляў, у кантракце з “Газпромам” для вырашэння спрэчак прапісаны тэрмін у 45 дзён, таму скарачэнні паставак газу ўсяго праз 10 дзён пасля таго, як “падвісла” беларуская пазыка, неправамернае.

Той жа спадар Таўпянец у эфіры Першага нацыянальнага тэлеканала абвінаваціў “Газпром” у наўмысным пагаршэнні эканамічнага стану беларуска-расійскага газатранспартнага прадпрыемства:

“Газпром” кажа нам: давайце мы вам абмяжуем пастаўкі, увядзем санкцыі. Каму? Сумеснаму прадпрыемству? У “Белтрансгазе” ж ёсць і нейкая частка “Газпрома”.

Хутчэй, усё наадварот: гэта ў “Газпроме” ёсць частка “Белтрансгазу”, і не нейкая там, а цалкам пэўная – 12,5 адсоткаў. Але пакінем спрэчкі з беларускім чыноўнікам афіцыйнаму прадстаўніку “Газпрома” Сяргею Купрыянаву. Яму заўсёды ёсць што сказаць наконт Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі