Пацярпелая ў кобрынскім аквапарку дзяўчынка знаходзіцца ў коме

Сямігадовая дзяўчынка, якая 12 чэрвеня пацярпела ў кобрынскім аквапарку, знаходзіцца ў бальніцы ў стане комы з дыягназам "утапленне прэснай вадой". Як паведамляла Еўрарадыё, яна наведвала аквапарк у складзе экскурсіі з настаўнікамі сваёй базавай школы Драгічынскага раёна. Каля 15.30 адзін з наведвальнікаў дастаў яе з-пад вады ў стане непрытомнасці. Згодна з матэрыяламі следства пацярпелая знаходзілася без догляду настаўнікаў больш за 10 хвілін. Школьніцу рэанімавалі медыкі хуткай і даставілі ў Кобрынскую раённую лякарню.

Кобрынскім раённым аддзелам Следчага камітэта ў дачыненні да двух настаўнікаў, якія суправаджалі экскурсійную групу, распачатая крымінальная справа па артыкуле "неналежнае выкананне абавязкаў па арганізацыі бяспекі жыцця і здароўя дзяцей".

На месца здарэння выязджала следча-аператыўная група, былі праведзеныя неадкладныя следчыя дзеянні, апытанні наведвальнікаў аквапарку, узяты відэазапісы камер назірання, прызначана судова-медыцынская экспертыза, інфармуе БелаПАН.

Дарэчы, ужо стала вядома, што настаўнікі, якія суправаджалі экскурсійную групу з 20 дзяцей, не высвятлялі, ці ўмеюць школьнікі плаваць.

Фота: aquapark.inkobrin.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі