Пачала працу анлайн-платформа па абароне галасоў на выбарах

Пачала працу анлайн-платформа па абароне галасоў на выбарах

На выбарчым пікеце Святланы Ціханоўскай у Барысаве 23 ліпеня яе штаб заявіў пра запуск анлайн-платформы "Голас". Менавіта з яе дапамогай аб'яднаны штаб плануе абараняць галасы на выбарах. 

Платформа пачала працу сёння. "Голас", як паведамляецца на яго сайце, не замяняе сабой галасаванне і не з'яўляецца экзітполам. Мэта гэтага праекта — забяспечыць празрыстасць выбараў без парушэння заканадаўства. Фактычна, па словах распрацоўшчыкаў, гэта паралельны падлік галасоў. 

Выбаршчык павінен будзе перайсці ў чат з ботам у Telegram ці Viber і выбраць, як будзе галасаваць. У дзень галасавання трэба сфатаграфаваць бюлетэнь са сваім выбарам і адправіць здымак у чат з ботам. Зрабіць гэта можна не толькі 9 жніўня, але і пазней — праграма дае такую магчымасць.

Прымаць здымкі з бюлетэнямі "Голас" пачне з 4 жніўня, калі пачнецца датэрміновае галасаванне. 

Потым сістэма сама падлічыць вынікі па кожным участку. Выніковыя лічбы будуць паведамленыя пасля афіцыйных вынікаў выбараў — 10 жніўня.

Стваральнікі праграмы падкрэсліваюць, што для ўдзелу не патрэбныя пашпартныя звесткі — толькі фота бюлетэня і нумар тэлефона. "Мы шыфруем даныя. Таямніца галасавання не парушаецца", — дадаюць яны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі