Паб: Ёсць замежнае піва, але турысты просяць… беларускае

На чэмпіянаце свету па хакеі “рэкамендавана” прадаваць толькі беларускае піва. Праз гэтую “рэкамендацыю” замежнае піва ў крамах знікла.

“У нашай сетцы рэстаранаў замежнае піва ёсць. Але замежнікі бяруць і беларускае, “Лідскае” ім падабаецца. Адгукаюцца добра. Але, у цэлым акцэнт робяць больш на чэшскае і бельгійскае. Беларускае бяруць пакаштаваць”, — расказваюць Еўрарадыё ў піўным рэстаране “Цвік”. Замежнікі запаўняюць рэстаран нават удзень.

Замежнае піва Еўрарадыё знаходзіць і ў сталічным пабе “Гашцет”. Каштуе 50-60 тысяч рублёў.

“Але замежнікі бяруць беларускае, бо не маюць шмат грошай”, — таксама адказваюць у адміністрацыі паба. Бо беларускае піва – таннейшае!

У пабе “Гамбрынус”, што на плошчы Свабоды, багаты выбар замежнага піва. Ёсць і беларускае. Але гаварыць пра гэта тут прынцыпова адмаўляюцца:

“Гэты рынак не падлягае нашаму кантролю”, — адказваюць у кавярні.

Паб “Старая піўніца” разлівае толькі беларускае піва. Тут падстрахаваліся…

“Было указанне прадаваць толькі беларускае піва. А з замежнікаў да нас заходзяць у асноўным расіяне. Беларускае піва хваляць, кажуць, думалі будзе горш”, — расказваюць Еўрарадыё ў пабе.

“Пабы рэкамендацыя наконт піва не закранае, бо яны ж такую спецыялізацыю маюць”, — асцярожна адказваюць у Мінгарвыканкаме.

А ў Міністэрстве гандлю знікненне беларускага піва называюць усяго толькі “рэкламай піва беларускай вытворчасці”.

З-за такой рэкламы ў фан-зонах усе п'юць толькі беларускае піва. Іншага там не наліваюць.

Фота: onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі