Па справе аб карагодзе дапыталі сведак: калі б не СК, шкоду б не лічылі

Карагод на скрыжаванні ў Бресце / sk.gov.by​
Карагод на скрыжаванні ў Бресце / sk.gov.by​

Калі б не запыт са Следчага камітэта, то шкоду ад прыпынку руху грамадскага транспарту падчас пратэстаў 13 верасня ў "Брэстгартрансе" нават не лічылі б, заявіў у судзе Артур Собін, які ў жніўні мінулага года працаваў намеснікам дырэктара Брэсцкага аўтобуснага парка па перавозках.

У судзе Ленінскага раёна Брэста працягваюць разглядаць так званую справу аб карагодзе. Паводле версіі следства, такім чынам пратэстоўцы, калі 13 верасня выйшлі на скрыжаванне і сталі вадзіць карагод, "здзяйснялі групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, перашкаджалі руху транспартных сродкаў на паказаным участку".

Між тым, транспартнікі ў судзе заявілі, што наўрад ці лічылі б шкоду, калі б не СК.

"Справа ў тым, што ў Брэсце падобныя зрывы рэйсаў могуць адбывацца банальна з-за закрытага чыгуначнага пераезду", — патлумачыў Собін, перадае "Брэсцкая газета". Пры гэтым ён пагадзіўся, што якасць перавозак у той дзень пацярпела.

Касіры "Брэстгартранса" распавялі ў судзе, што ў той дзень дзесьці а 18 гадзіне ім патэлефанаваў начальнік і сказаў заканчваць працу.  

"Пасля 9 жніўня ад нашага непасрэднага начальніка паступіла каманда: калі ў цэнтры горада каля нас адбываюцца нейкія падзеі, значыць, мы ў мэтах бяспекі закрываемся", — распавяла адна з жанчын і патлумачыла, чаму начальства пайшло на такі крок. Увечары 9 жніўня амапаўцы ледзь не забралі ў аўтазак яе калегу-касіра, якая вярталася з другой змены.

"Нам з боку гэтых людзей [удзельнікаў акцый пратэстаў] ніколі не паступала ні пагроз, нічога. Мы зачыніліся, таму што больш баяліся затрыманняў", — сказала яна, адказваючы на пытанне адваката.

Усяго па справе аб карагодзе ў Брэсце праходзяць больш за паўсотню чалавек. Іх будуць судзіць групамі. У першай групе 10 чалавек, у тым ліку педагог, дырэктар фірмы, інжынер-праграміст, студэнтка і іншыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі