У справе пра "карагод у Брэсце" некалькі дзясяткаў фігурантаў

Карагод на скрыжаванні ў Брэсце / sk.gov.by
Карагод на скрыжаванні ў Брэсце / sk.gov.by

Некалькі дзясяткаў чалавек сталі фігурантамі крымінальнай справы аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Гаворка пра падзеі 13 верасня ў Брэсце, калі ўдзельнікі нядзельнага Маршу зладзілі карагод на адным са скрыжаванняў. Паводле версіі следства, пратэстоўцы "ажыццяўлялі групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, перашкаджалі руху транспартных сродкаў на дадзеным участку і нармальнаму функцыянаванню прадпрыемстваў і арганізацый".

Следчыя падлічылі, што агульны прастой тралейбусаў праз карагод "склаў больш за 29 гадзін", а двух рэйсаў аўтобусаў — больш за 5 гадзін.

"Акрамя таго, праца трох гандлёвых кіёскаў скарочаная на розны час і праца аднаго з рэстаранаў перапыненая больш чым на 30 хвілін", ацанілі шкоду ў СК.

У дачыненні да 10 абвінавачаных крымінальная справа выдзеленая ў асобную вытворчасць і ўжо перададзеная пракурору для накіравання ў суд. Іх абвінавачваюць па ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і якія пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Максімальная санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. 9 абвінавачаных чакаюць суду пад падпіскай аб нявыездзе, яшчэ адзін — пад хатнім арыштам.

Акрамя таго, абвінавачванне ў межах гэтай справы выстаўленае яшчэ 9 грамадзянам, і яшчэ 37 знаходзяцца ў статусе падазраваных.  

13 верасні ў Брэсце супраць пратэстоўцаў быў ужыты вадамёт. "Я так разумею, што ўладам трэба было апраўдаць яго выкарыстанне, таму яны і робяць так жорстка",расказваў Еўрарадыё паэт Уладзімір Глазаў, бацька настаўніцы англійскай мовы Марыны Глазавай, адной з фігурантак гэтай справы.  

"Праваахоўнікамі працягваецца праца па высвятленні іншых удзельнікаў названых супрацьпраўных дзеянняў", — кажуць у СК.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі