Па факце смерці пацыенткі ў брэсцкім медцэнтры ніхто не затрыманы

У траўні беларускую медыцыну страсянула некалькі гучных скандалаў, пра якія даведаліся СМІ.

19 траўня ў брэсцкім філіяле медцэнтра “ЛАДЭ” праз анафілактычны шок загінула Ірына Тромза (21 год). Арганізм дзяўчыны такім чынам адрэагаваў на лекавы прэпарат. Паводле папярэдніх звестак, сваёй рэанімацыйнай брыгады ў медцэнтры не было. А ці выклікалі своечасова “хуткую” і ці кваліфікавана ў філіяле “ЛАДЭ” аказвалі першую дапамогу — пра гэта чыноўнікі ад беларускай медыцыны не паведамляюць.

Тым часам Следчы камітэт праводзіць праверку, па выніках якой тэарэтычна можа быць распачатая крымінальная справа. 

Рашэнне пакуль не прынятае, — паведамляе Руслан Макарук, афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці. — Павінен быць праведзены ўвесь комплекс судовых экспертызаў. Усе праверачныя мерапрыемствы могуць цягнуцца каля месяца” (стандартная праверка займае 10 дзён — Еўрарадыё).

Еўрарадыё: Ці затрыманы хто-небудзь у межах гэтай праверкі?

Руслан Макарук: Не, ніхто не затрыманы.

Як стала вядома Еўрарадыё, доктар-гінеколаг, да якой прыйшла на прыём Ірына Тромза, скончыла Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і мае 8-гадовую медыцынскую практыку. Таксама доктар апроч медыцыны займаецца бізнесам — ачольвае ў Брэсце буйную інтэрнэт-краму па продажы трыкатажу.

Яшчэ адзін абуральны выпадак здарыўся ў Мінску 25 траўня.

Наталля Сак (23 гады) трапіла ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі пасля падзення з веласіпеда і ўдару галавой аб асфальт. Хоць дзяўчына і скардзілася на болі ў галаве, а людзі, якія ёй дапамагалі, згадваюць пра правалы ў памяці,  нейрахірург не зрабіў ёй тамаграфію і адправіў замест рэанімацыі ў звычайную палату. Таксама медыкі, па словах сваякоў Наташы, не заўважылі ў яе…пералому чэрапа. Нараніцу дзяўчына памерла.

Як высветліла Еўрарадыё, нейрахірургам аказаўся таксама малады доктар (26 гадоў), ураджэнец Бярозы, які ў 2012 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.

Фота skyscrapercity.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі