Вы тут

Па 20 капеек за 1 кг клубніц: на Палессі такі ўраджай, што ягаду выкідаюць

media-polesye.by

На Лунінеччыне такі ўраджай клубніц, што ягаду даводзіцца выкідаць. Людзі скардзяцца, што кошты, якія ўсталявалі скупшчыкі, настолькі нізкія, што нават не акупляюць працу. Яны выкідаюць з такім трудом вырашчаныя і сабраныя клубніцы ці проста на рынку, ці ў полі.

Па інфармацыі сайта "Медыя-Палессе", увечары 11 чэрвеня клубніцы не бралі нават па 20 капеек за кілаграм. Сухую буйную ягаду скупшчыкі пагаджаліся набываць па 50 капеек, але "яшчэ і чапляліся". Некалькі вёдраў людзі высыпалі проста на рынку, пад ногі скупшчыкам.

"За два вядра адборнай ягады, адна ў адну, я атрымала 7 рублёў. Не вартая яна працы", — скардзіцца адна з жанчын, якая прывезла на рынак свае клубніцы. 

"Лягчэй пад плот выкінуць. Ці хай на кустах знікае", — пацвярджае іншая.

У Мінску клубніцы прадаюцца па 3-4 рублі за 1 кілаграм. Але грошы гэтыя дастаюцца зусім не тым, хто вырошчвае і збірае ягады.