Вы тут

Нямецкая паліцыя затрымала трох згоншчыкаў з Беларусі

Супрацоўнік нямецкай паліцыі / Reuters

Трох грамадзян Беларусі затрымала паліцыя Брандэнбурга ў момант згону недарожніка BMW X5. Адзін з іх паспрабаваў схавацца: на выкрадзеным аўто пратараніў паліцэйскі кардон і збочыў у лес. Яго шукалі з верталётамі і службовымі сабакамі. У выніку знайшлі і затрымалі.

Двух іншых "узялі" ў машынах суправаджэння, на якіх тыя "прыкрывалі" на маршруце руху скрадзены красовер", расказалі у прэс-службе МУС Беларусі.

Пры згоне фігуранты выкарыстоўвалі так званыя "вуды" — спецыяльныя прылады, якія дазваляюць счытваць сігнал з ключа, узмацняць яго і затым перадаць на вялікую адлегласць — да двух кіламетраў. 

Там таксама падкрэслілі, што затрыманне стала магчымым дзякуючы ўзаемадзеянню нямецкіх і беларускіх праваахоўнікаў, беларускі бок падзяліўся з калегамі інфармацыяй аб згоншчыках. Пра іх вядома, што ім ад 23 да 30 гадоў. Прыехалі з Калінкавічаў, раней не прыцягваліся да крымінальнай адказнасці. У Германіі правялі як мінімум некалькі месяцаў.

"Дакладна вядома, што з верасня мінулага года і да затрымання яны паспелі выкрасці на тэрыторыі Нямеччыны 20 аўто агульным коштам больш за мільён еўра", — распавялі ў прэс-службе беларускага МУС.

Пакупнікоў на крадзеныя машыны яны знаходзілі ў краінах Еўрасаюза і СНД.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.