”Ну, у гэтым малацэ проста няма бактэрый — ні шкодных, ні карысных”

Беларускія малочныя заводы настолькі суровыя, што перапрацоўваюць малако, якое потым прыдатнае да ўжывання больш чым за паўгода! 

На паліцы ў краме малако звычайнае і малако пастэрызаванае-стэрылізаванае. Розніцу адчуваю па коштах — апошняе даражэйшае прыкладна на 2-3 тысячы. Але тэрмін прыдатнасці — 4-6 месяцаў! Рызыкуючы — купіла. На смак — звычайнае, але тэрмін прыдатнасці ў шэсць месяцаў вельмі палохае.

Што трэба дадаваць у малако, каб яно было прыдатнае столькі?!

У лабараторыі Мінскага гармалзавода № 1,  дзе  маё малако стэрылізавалі і запакавалі, кажуць: нічога страшнага, што такі тэрмін — шэсць месяцаў. Малако прыдатнае для ўжывання і ніякіх хімікатаў няма.

“А вы паглядзіце ўсё малако стэрылізаванае — там будзе такі ж тэрмін, а мо яшчэ і большы!” — кажуць у лабараторыі завода № 1.

Стэрылізуюць малако пад уздзеяннем высокіх тэмператур, таму знішчаюцца ўсе бактэрыі, і гэта дазваляе малаку захоўвацца па паўгода:

“Там ні карысных бактэрый няма, ні шкодных. Таму пры скісанні яно будзе мець гаркавы смак. Гэта не будзе кефір. Яно будзе скісаць пад уздзеяннем усіх бактэрый, якія патрапілі звонку”.

Перапытваю, ці карыснае такое малако — калі там няма ніякіх бактэрый!

“Ну, канечне, карыснае! Там ёсць кальцый, тлушч — усё гэта карысна для арганізма. Я і сам такое п'ю. Пастэрызаванае малако скісае, а гэтае як ні распакуеш — нармальнае”.

Пры гэтым у лабараторыі заўважаюць, што тэрмін прыдатнасці на пакеце сведчыць толькі пра тое, што малако можна захоўваць у не распакаваным выглядзе.

Тэрмін прыдатнасці распакаванага прадукта — не болей за суткі.

“Усю адкрытую малочную прадукцыю рэкамендуецца выкарыстоўваць за суткі. Калі літр не выпіваеце — ёсць упакоўкі па паўлітра, па 250 грамаў”, — раяць Еўрарадыё ў лабараторыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі