Новыя штрафы: за прастытуцыю — 6,5 мільёна і столькі ж за абразу чыноўніка

З 1 кастрычніка павышаецца базавая велічыня: з 100 тысяч рублёў да 130. А значыць, вырастуць і штрафы. Адзін з самых вялікіх — за прастытуцыю. Да 50 базавых ці 6,5 мільёна за занятак прастытуцыяй, калі злавілі ў другі раз цягам году.

Столькі ж, да прыкладу, трэба аддаць за абразу службовай асобы пры выкананні. Такі штраф, дарэчы, атрымаў драматург Андрэй Карэлін за абразу міліцыянтаў у інтэрнэце.

А калі проста паслаў кагосьці — штраф меншы: да 2,5 мільёна за “наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме”.

Штрафы ў Беларусі непамерныя, адразу гаворыць юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла:

“Памеры штрафаў настолькі вялікія, што яны раўняюцца з штрафамі па крымінальных артыкулах, калі гэтыя злачынствы не цяжкія і не асабліва цяжкія. Нават гэта кажа аб неадэкватнасці гэтых мераў пакарання”.

Дзіўна, але за незаконнае сацыялагічнае апытанне адносна грамадска-палітычнай сітуацыі можна атрымаць аж 13 мільёнаў, калі яго праводзіць нейкая фірма (юрыдычная асоба). Гэта амаль удвая болей, чым пакаранне за прастытуцыю, напрыклад.

“Палітычна матываваныя адміністратыўныя правапарушэнні таксама часта набліжаюцца да крымінальных злачынстваў па штрафах. Часам прымяняюцца вялізныя штрафы ў якасці пакаранняў”, - тлумачыць Еўрарадыё Гары Паганяйла.

Нятанна абыдзецца і “любімае” апазіцыянерамі дробнае хуліганства (мат у грамадскім месцы) — 30 базавых ці 4 мільёны. Для параўнання: пакурыць на прыпынку пасля падвышэння базавай будзе каштаваць паўмільёна.

А за распіванне алкаголю на тым жа прыпынку ці ў тралейбусе давядзецца заплаціць крыху больш за мільён.  “Ці адэкватныя такія штрафы?” — цікавімся ў мінакоў.

“Мяркую, штраф за праезд завышаны. Калі ён павысіцца за базавай, то гэта будзе не рацыянальна. Але, мяркую, плыні штрафаў скароцяцца”, — выказваецца студэнт Аляксандр, якога сустракаю ля прыпынку. І не можа прыгадаць, калі апошні раз плаціў штраф.

Мінчанка Марыя прыгадвае, як удалося пазбегнуць штрафа.

“Мяне ні разу не штрафавалі. Адзін раз злавілі кантралёры: я расплакалася і мяне адпусцілі”, — прыгадвае дзяўчына. Добрыя кантралёры!

Дарэчы, адным з самых вялікіх можа стаць штраф для п’янога кіроўцы: да 13 мільёнаў рублёў. Закон мусіць набыць моц сёлета ў кастрычніку. Пакуль самы вялікі штраф за гэта — 35 базавых ці 4,5 мільёна.

Фота: bykhov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі