Новыя падрабязнасці пра справу беларускай бізнэсвумэн, арыштаванай у Маскве

Новыя падрабязнасці пра справу беларускай бізнэсвумэн, арыштаванай у Маскве

Прэс-служба Следчага камітэта Беларусі распавяла пра крымінальную справу беларускай бізнэсвумэн Вікторыі Авяр'янавай, арыштаванай у Маскве (пра арышт на два месяцы і планы экстрадыцыі на радзіму паведаміла газета "КоммерсантЪ"). Авяр'янава — экс-гендырэктар дзвюх кампаній — "Бістроф" (яна займаецца гандлем) і "Інтэк" (яна кіруе некалькімі сямейнымі рэстаранамі і клубамі — "Медысан", "Афрыкана", "Табу"). У Беларусі ў дачыненні да яе распачатая крымінальная справа за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Яе расследуе галоўнае следчае ўпраўленне цэнтральнага апарату СК.

Падлічана, што ў 2007-2015 гадах кампаніямі не былі заплачаныя ў бюджэт падаткі на суму больш за 942 тысячы дэнамінаваных рублёў. Рабілася гэта праз заніжэнне выручкі ад рэалізацыі тавараў і паслуг, а таксама ўнясення ў касавыя апараты непраўдзівай інфармацыі. Вікторыя Авяр'янава была аб'яўлена ў вышук у снежні 2018 года. У чэрвені 2019-га ад расійскіх праваахоўнікаў стала вядома, што яна жыве ў Маскве. Летам у Генпракуратуру Беларусі былі накіраваны матэрыялы па справе бізнэсвумэн з мэтай арганізацыі яе выдачы на радзіму. І гэтае пытанне цяпер вырашаецца. Цікава, што калі летам маскоўскі суд адхіліў патрабаванне ўзяць беларуску пад варту, дык восенню прыняў станоўчае рашэнне.

Прэс-служба СК у Telegram інфармуе, што вынесена пастанова аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага па гэтай крымінальнай справе Юрыя Авяр'янава, бацькі Вікторыі, які жыве ў Германіі (інфармацыю СК пра яго справу можна паглядзець тут). Яго могуць экстрадыраваць у Беларусь. У чаканні нямецкага суда Авяр'янаў знаходзіцца пад падпіскай аб нявыедзе.  

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі