Вы тут

Новым начальнікам мінскай міліцыі стаў 40-гадовы Міхаіл Грыб

Міхаіл Грыб / Фота віцебскай міліцыі

Новым начальнікам мінскай міліцыі стаў палкоўнік Міхаіл Грыб (сёння ён стаў генерал-маёрам міліцыі). Дагэтуль ён быў начальнікам упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама. Грыб узначаліў віцебскую міліцыю ў сакавіку 2019-га, змяніў на гэтай пасадзе Івана Кубракова, які быў пераведзены ў Мінск. Цяпер Міхаіл Грыб змяніў Кубракова на пасадзе начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама. А Іван Кубракоў напярэдадні стаў новым міністрам унутраных спраў.

Грыбу 40 гадоў. Ён — ураджэнец Мінска. Скончыў Акадэмію МУС і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. Пачынаў служыць у 1999-м участковым у сталіцы. З траўня 2017-га працаваў намеснікам начальніка ГУУС Мінгарвыканкама, начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі. З гэтай пасады і быў пераведзены ў Віцебск.

Як паведамляе БЕЛТА, у пятніцу Аляксандр Лукашэнка прадставіў калектыву МУС новага міністра і начальніка сталічнай міліцыі. Ён сказаў шмат добрых слоў і пра Кубракова, і пра Грыба, і пра экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева.

"Вы ведаеце, што мною было прынятае рашэнне з цёплага ўтульнага Мінска накіраваць яго ў Віцебскую вобласць, — казаў Аляксандр Лукашэнка пра Міхаіла Грыба. — Я не чуў ніводнай заўвагі ад тых, хто з ім сутыкаўся, што ён нешта рабіў не так, што ён паводзіў сябе непрафесійна".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.