Нічкасаў: Нехта вельмі ўмела павярнуў пытанне на Мінархітэктуры

Днямі ў інтэрв’ю аднаму з інфармацыйных агенцтваў намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Нічкасаў закрануў тэму тратуарнай пліткі на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Па словах чыноўніка, спецыялісты міністэрства згодныя правесці лабараторныя аналізы пліткі, калі да іх накіруюць зварот. І зробяць высновы, ці можна яе пакідаць на плошчы. Як раней паведамляла Еўрарадыё, яшчэ 25 траўня 2007 года інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў “Сосны” давёў у сваім заключэнні аб выніку лабараторных выпрабаванняў пакладзенай на плошчы гранітнай пліткі. Выпрабаванні інстытут праводзіў па запыце Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і карупцыяй МУС. Навукоўцы вызначылі, што пакладзеную ў цэнтры сталіцы плітку катэгарычна забаронена выкарыстоўваць у будаўніцтве на тэрыторыі населеных пунктаў. Радыяцыйны фон выпраменьвання пліткі, вырабленай з украінскага граніту Токаўскага радовішча, перавышаны ледзь не ўдвая.

Амаль адначасова з навукоўцамі з “Соснаў” лабараторныя выпрабаванні пліткі праводзілі і спецыялісты гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Мінска. У інтэрв’ю Еўрарадыё намеснік галоўнага лекара цэнтра Наталля Жукава на той час казала, што хоць узровень радыяцыйнага выпраменьвання пліткі і сапраўды завышаны, але ён знаходзіцца ў межах дапушчальнага, і таму прыбіраць плітку з плошчы не мае сэнсу.

Еўрарадыё звярнулася да намесніка міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Нічкасава, каб высветліць, чаму Міністэрства вырашыла толькі цяпер звярнуць сваю ўвагу на радыеактыўную плітку ў цэнтры сталіцы. Але, як запэўніў чыноўнік, міністэрства не валодае паўнамоцтвамі, каб вырашаць, што з той пліткай рабіць. Адзінае, што яны могуць – дапамагчы з правядзеннем лабараторных аналізаў.

Анатоль Нічкасаў: “У Міністэрства ёсць пэўная кампетэнцыя. Мы сапраўды фарміруем нарматыўную базу, тэхнічныя нарматывы распрацоўваем, але рашэнне мы не прымаем. Мы ж не заказчыкі і падрадная арганізацыя, у нас ёсць акрэдытаваныя лабараторыі, і мы ў стане праверыць любы матэрыял, які прымяняецца ў нашай краіне. А калі неабходна зрабіць нейкія спецыяльныя аналізы, мы звернемся да арганізацый, якія ў стане правесці дадатковы даследаванні”.

Па яго словах, канчатковае рашэнне наконт таго, што рабіць з пліткай, павінен прымаць галоўны заказчык будаўніцтва – Мінгарвыканкам.

Анатоль Нічкасаў: “Заказчыкам выступаў Мінскі гарвыканкам. Ён інвеставаў туды грошы. Гэта іх кампетэнцыя, што рабіць з гэтым аб’ектам, калі нешта не адпавядае стандартам краіны”.

Такім чынам, кажа чыноўнік, міністэрства не мае ніякага дачынення да плошчы і пліткі на ёй. Толькі можа дапамагчы з даследаваннямі, калі да іх звернуцца з такой просьбай. А ў тым, што пытанне павярнулася такім чынам, ляжаць на плошчы радыеактыўнай плітцы ці не, залежыць ад іх міністэрства, бачыць спробу перакласці на іх плечы чужы клопат.

Анатоль Нічкасаў: “Для нас, прынамсі, для мяне, гэтае пытанне стала новым. Аб’ект даўно ўведзены ў эксплуатацыю, падчас правядзення тэндэраў патрабуюцца сертыфікаты на ўсе матэрыялы. У тым ліку, сертыфікацыя павінна ўлічваць паказчыкі прымянення з пункту гледжання здароўя і бяспекі насельніцтва. Усё гэта знаходзіцца ў руках заказчыка і падраднай арганізацыі. Калі ёсць парушэнні – мы іх выявім. Але нехта вельмі ўмелы павярнуў пытанне на Міністэрства. Гэта гаворыць толькі пра тое, што пытанне знаходзіцца ў падвешаным стане”.

Як яшчэ раней стала вядома Еўрарадыё, канчатковае рашэнне пра лёс радыеактыўнай пліткі на плошчы павінна прыняць гарадская санэпідэмстанцыя. Але, мы даведаліся, там да гэтага часу не прыйшлі да нейкіх канкрэтных высноў. І на замову сталічных санітараў экспертызу пліткі дагэтуль праводзяць то адна, то іншая навуковыя ўстановы. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў загадчык лабараторыі радыяцыйнага кантролю гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ігар Альшэўскі.

Ігар Альшэўскі: “Пытанне пліткі, скажам так, не патанула, ім займаюцца. Было даручана разабрацца з гэтым пытаннем розным арганізацыям. Усе камісіі – Кампрыроды і ўсіх іншых, хто нейкім чынам мае дачыненне да радыяцыі – перад імі былі гэтыя пытанні пастаўленыя. Блізкія да канчатковых нейкія высновы. Але пакуль яшчэ пытанне на разглядзе”.

Прагназаваць, да якіх агульных высноў прыйдуць гэтыя шматлікія камісіі з розных арганізацый, загадчык лабараторыі не стаў. Але выказаў сумнеў у тым, што плітка ўяўляе небяспеку для здароўя людзей.

Ігар Альшэўскі: “Я адзінае што магу сказаць – нейкай пагрозы для насельніцтва гэта плітка не ўяўляе. Калі б там была пагроза, яе б памянялі на наступны дзень”.

Праўда, не выключаны варыянт, што і ў бліжэйшы час ніякіх высноў спецыялісты ад радыяцыі наконт пліткі не зробяць, а звернуцца па дадатковыя даследаванні яшчэ і ў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі