Независимая газета: "Калі пярэчыць Расіі — будзе як з Грузіяй!"

"Як разгараюцца войны? Дыпламаты ілгуць журналістам і вераць сваёй жа хлусні, чытаючы яе ў газетах". "Еўрарадыё" пачытала расійскую, еўрапейскую і беларускую прэсу і па загалоўках параўнала, як разгаралася грузіна-асяцінская вайна. Не дарма сёння яе называюць "інфармацыйнай". Як нам падалося, самыя эмацыйныя загалоўкі нечакана не ў расійскіх газет - у еўрапейскай прэсы. Хоць "Московский комсомолец" не быў бы сабою, калі бы не даў назву артыкулу "Цхінвал: 'Дзяцей расстрэльвалі, як у ціры'. "Грузінская вобласць РФ" — вельмі спрэчны ў сэнсе карэктнасці загаловак gazeta.ru. Нават калі далей журналіст "проста" паведамляе пра тое, што "Расія афіцыйна апавясціла свет, што тэрытарыяльная цэласнасць Грузіі больш не актуальная". Ну і з той жа песні пагрозлівыя загалоўныя словы журналіста "Независимой газеты": "Калі пярэчыць Расіі — будзе як з Грузіяй!". Як піша журналіст, "пададзены Саакашвілі урок прымушае краіны СНД у першую чаргу аглядацца на Маскву, а не на міжнародную супольнасць".

Самае дзіўнае, што журналісты ў сваіх "ваенна-аналітычных артыкулах" робяць больш рашучыя заявы, чым нават генералы, не кажучы пра палітыкаў. "Абаронім Тбілісі!" — заклікае італьянская "Corriere Della Sera". "Саступка Ўладзіміру Пуціну азначае, што мы гатовыя ахвяраваць сваімі ідэаламі ў ягоны гонар. Калі мы адступім, не зрабіўшы ніякага кроку, мы не даб’емся нічога, акрамя ўмацавання Масквы, самага атрутнага нацыяналізму".

Альбо вось цытата з той жа газеты, больш падобная на заклік: "Расія мае патрэбу ў тым, каб прадаваць сваю нафту, гэтак жа як мы мае патрэбу ў закупах гэтай нафты. Часам атрымоўваецца шантажаваць шантажыста. Калі Еўропе атрымаецца набрацца адвагі і здабыць упэўненасць, каб прыняць выклік, яна прадэманструе сваю сілу. У адваротным выпадку яна мёртвая". Так што журналісты "Независимой газеты" папросту маглі бы пісаць першыя палосы "Corriere Della Sera" І наадварот...

Але ў той жа час. "Паміраць за Тбілісі?" - скептычна пытаецца ў палітыкаў нямецкая "Sueddeutsche Zeitung". "Пуцін — не Гітлер" — "абараняе" аднаго з лідэраў Расіі "The Washington Post", адказваючы на артыкул у сваёй жа газеце тыднёвай даўнасці. Тады эксперт Роберт Каган параўнаў напад Расіі на Грузію з захопам нацыстамі Судэцкай вобласці ў 1938 годзе. Прыкладна тое ж заявіў былы саветнік прэзідэнта Джымі Картэра па нацыянальнай бяспецы Збігнеў Бжэзінскі часопісу "Time": "курс, якім ідзе расійскі лідэр, да жаху нагадвае курс, якім ішлі Сталін і Гітлер у 30-я гады".

Зараз "The Washington Post" заклікае "гарачыя галовы" быць больш асцярожнымі ў адзнаках, бо ўсё "складаней, чым падаецца на першы погляд": "Тое, што рускія самі рваліся ў бойку, відавочна — але і паводзіны прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі былі нестабільнымі і правакацыйнымі. Сваё ўкладанне ў канфлікт унеслі і Злучаныя Штаты, падтрымліваючы ў Саакашвілі ўпэўненасць, што Амерыка, калі што, яго абароніць".

Іспанская "El Mundo" дае слова (і якое!) начальніку кіравання Прэзідэнта Расіі па міжрэгіянальных і культурных сувязях з замежнымі краінамі Мадэсту Колераву:

"Нічога новага няма для спецыялістаў і ў тым, што значная частка грузінскага палітычнага класа на чале з Саакашвілі спавядае ідэалогію крайняга нацыяналізму, толькі ўпрыгожваючы яго еўрапейскай рыторыкай падобна на тое, як Саакашвілі упрыгожвае свае зносіны з прэсай сцягам Еўрапейскага Саюза. Але ўсе гэтыя ўпрыгожванні — толькі ўкрапванні рысу ў крывяную каўбасу", — вобразна громіць генацвале чалавек, які адказвае за "антыаранжавыя рэвалюцыі" у Крамлю.

Урок пра тое, як пісаць пра вайну, гэтым журналістам выкладае расійскі "Коммерсантъ". "Грузія хлебанула Горы", - дае назву свайму матэрыялу газета. "Усім хлусіць" — артыкул пра тое, як хлусяць Тбілісі і Масква: "Учорашнія заявы расійскіх вайскоўцаў расхадзіліся з убачаным намі ў Горы. Вайсковае камандаванне цалкам адмаўляе пападанні ў жылыя кварталы". Газета тонка дазваляе палітыкам хлусіць на сваіх старонках. "Цхінвалі разбамбавала расійская авіяцыя" — гэтыя словы Саакашвілі сказаў таксама "Камерсанту". Любыя каментары сказанага прэзідэнтам Грузіі тут залішнія....

"Прымусам мір не будзе?" — гуляе словамі ў загалоўку СБ, і вельмі годна асвятляе падзеі ў Паўднёвай Асеціі. "Грузія перайшла ў наступ на Паўднёвую Асецію, у канфлікт умяшалася Расія. Можна, вядома, удавацца ў дыскусію пра тое, хто стрэліў першым, але адно сёння гранічна ясна: асяціны своечасова і зусім нездарма эвакуявалі сваіх дзяцей у Расію...".

Часам беларуская афіцыйная прэса можа вельмі тонка і ўмела захоўваць "нейтральную" пазіцыю, як у гэты раз.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі