Вы тут

Незалежныя назіральнікі: на некаторых участках Мінска яўка перавысіла 100%

Выбары ў Беларусі / БЕЛТА

Незалежныя назіральнікі кажуць, што на некаторых участках у Мінску яўка перавышае 100%. Як прыклад называюцца ўчасткі №21 і №22 у сталічнай гімназіі №43 на вуліцы Казіміраўскай.

Як піша са словаў назіральнікаў TUT.by, разам на гэтых двух участках у спісах выбарцаў значацца каля 5800 чалавек. Згодна з пратаколамі выбарчых камісій, на датэрміновае галасаванне прыйшлі каля дзвюх тысяч чалавек. А ў асноўны дзень галасавання 9 жніўня да 17:30, як палічылі назіральнікі, у дзверы гімназіі зайшлі каля 3800 чалавек.

Такім чынам, 5800 са спісаў ужо ёсць. Між тым, у чарзе каля гімназіі стаяць яшчэ некалькі соцень выбарцаў — яна расцягнулася амаль на кіламетр, агінаючы будынак. Атрымліваецца, што яўка мусіць перавысіць 100%.

У выбарчай камісіі ўчастка №22, на які пераважна ідуць выбарцы, даваць каментары TUT.by праз тэлефон адмовіліся.

Назіральнікі кажуць, што выбарцы скардзяцца на вялікую колькасць сапсаваных бюлетэняў, якія ім выдаюць. Некаторыя атрымліваюць бюлетэні з меткамі або кропкамі, нейкі з іх нават пашкоджаныя. Бюлетэні замяняюць толькі па патрабаванні выбарцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.