Newsweek: Кітай хаваў ад усіх сілу COVID-19 і скупляў маскі па ўсім свеце

Лабаранты навукова-даследчай лабараторыі Пекінскай кампаніі прыкладных біялагічных тэхналогій падчас арганізаванай урадам паездкі на аб'ект пасля ўспышкі COVID-19 / Reuters
Лабаранты навукова-даследчай лабараторыі Пекінскай кампаніі прыкладных біялагічных тэхналогій падчас арганізаванай урадам паездкі на аб'ект пасля ўспышкі COVID-19 / Reuters

Па інфармацыі ЦРУ, Кітай хаваў ад СААЗ успышкі каранавіруса ва Ухані, каб выйграць час для скупкі медыкаментаў па ўсім свеце. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні амерыканскага часопіса Newsweek.

На працягу шасці тыдняў з сярэдзіны студзеня Кітай імпартаваў 2,5 млрд адзінак сродкаў індывідуальнай аховы, у тым ліку каля 2 млрд масак. Паралельна з Пекіна скарацілі іх экспарт.

Кітайскім консульствам па ўсім свеце было загадана арганізаваць закупкі сродкаў індывідуальнай аховы для барацьбы з успышкай каранавіруса. Праз некалькі тыдняў, калі пандэмія пачала станавіць сур'ёзную пагрозу, краіны, якія адправілі СІА ў Кітай, былі вымушаныя спешна (і не заўсёды без праблем) папаўняць свае запасы для барацьбы з новай хваробай.

У дакладзе ЦРУ, які апынуўся ў Newsweek і быў пацверджаны некалькімі крыніцамі з амерыканскай выведкі, сказана, што Кітай прыгразіў СААЗ спыніць супрацоўніцтва па расследаванні сітуацыі з каранавірусам, калі арганізацыя абвесціць глабальную надзвычайную сітуацыю ў галіне аховы здароўя. Напярэдадні Der Spiegel са спасылкай на нямецкую выведку абвінаваціў прэзідэнта Кітая Сі Цзіньпіна ў ціску на генеральнага дырэктара СААЗ Тэдраса Аданама Гебрэесуса, з якім ён размаўляў 21 студзеня.

СААЗ абвясціў пандэмію COVID-19 толькі 30 студзеня. Пры гэтым Гебрэесус заявіў, што "гэта дэкларацыя не з'яўляецца вотумам недаверу для Кітая. Наадварот, СААЗ па-ранейшаму верыць у здольнасць Кітая кантраляваць успышку". У арганізацыі абвяргаюць умяшанне Кітая, але не адказваюць на пытанне, ці рабілі кітайскія чыноўнікі якія-небудзь намаганні, каб адкласці абвяшчэнне пандэміі.

"Мы не каментуем канкрэтных абмеркаванняў з дзяржавамі-сябрамі, але мы можам сказаць, што падчас пандэміі СААЗ дзейнічала ў адпаведнасці са сваім мандатам як навукова-тэхнічная арганізацыя, арыентаваная на абарону ўсіх людзей усюды, — заявіў Newsweek прадстаўнік СААЗ Крыстыян Ліндмаер. — СААЗ грунтуе свае рэкамендацыі на навуцы, перадавым досведзе аховы здароўя, фактычных звестках і рэкамендацыях незалежных экспертаў".

Міністэрства замежных спраў Кітая не адказала на запыты Newsweek, але ў адказ на публікацыю ў Der Spiegel заявіла, што "ў лідара Кітая нават не было сазвону з кіраўніком СААЗ 21 студзеня". ЦРУ таксама адхіліла запыт Newsweek.

Кітай шырока крытыкуюць за першую рэакцыю на распаўсюд каранавіруснай інфекцыі. Кітайскі ўрад прымусіў дактароў маўчаць і адклаў афіцыйнае абвяшчэнне ўспышкі новай хваробы на шэсць дзён, якія многія лічаць вырашальнымі. За гэты час вялікая колькасць людзей пакінула паражаны каранавірусам Ухань і распаўсюдзіла новы вірус па ўсім свеце.

На Захадзе скептычна ставяцца да афіцыйна агучанай колькасці загінулых і інфікаваных у Кітаі. Там лічаць, што рэакцыя Пекіна на ўспышку COVID-19 была маруднай і неадэкватнай. Асабліва ў пачатку эпідэміі — да таго, як вірус распаўсюдзіўся па ўсім свеце, заразіў больш за чатыры мільёны чалавек і забіў больш за 300 тысяч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі