Неўзабаве беларусы ў Польшчы змогуць падавацца на нацыянальную візу

Варшава / pixabay.com

Беларусы на тэрыторыі Польшчы з 22 верасня змогуць падаваць заявы на атрыманне нацыянальнай (у тым ліку гуманітарнай) візы, паведамляе Цэнтр беларускай салідарнасці.

Заяўкі будуць прымаць паводле папярэдняга запісу ў трох гарадах: Варшаве, Познані і Любліне. Запісацца на падачу заявы можна праз сайт VFS Global. Пасля атрымання часу і даты візіту неабходна будзе падаць заяву ў візавы цэнтр у адным з названых гарадоў.

Калі нехта не паспее падаць заяву ў першыя абазначаныя даты, пазней на сайце з'явяцца дадатковыя.

Распараджэнне пра выдачу нацыянальных віз на тэрыторыі самой Польшчы (без выезду з краіны) датычыць гуманітарных віз для грамадзян Беларусі і працоўных віз для кіроўцаў-дальнабойшчыкаў з Беларусі і Украіны.

Гуманітарную візу беларусы могуць атрымаць, калі на радзіме ім пагражае пераслед або рэпрэсіі.

Таксама ў Польшчы для беларусаў ужо дзейнічае механізм выдачы відаў на жыхарства на гуманітарных падставах.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.