Нэтбукі ў школах: на хіміі, біялогіі, і… музыцы — для караоке

Эксперымент па выкарыстанні нэтбукаў у беларускіх школах, які Мінадукацыі запусціла разам з Паркам высокіх тэхналогій, пайшоў на трэці год. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці працягваецца эксперымент.

“У нас былі задзейнічаны хімік, біёлаг і матэматык. Усё гэта працягваецца. Цяпер яны дзеляцца досведам. Былі эксперыментальныя класы, але зараз нэтбукі выкарыстоўваюць і ў іншых класах. У нас іх два камплекты. Напрыклад, я бяру на матэматыку, іншы настаўнік — на іншы ўрок. Там каляска такая, бяром і коцім у клас”, — расказваюць у смаргонскай гімназіі, якая ўдзельнічае ў эксперыменце.

Тут дадаюць, што за два гады нэтбукі не зламаліся, батарэю трымаюць. Гэта не дзіўна: іх выкарыстоўваюць не больш за 15 хвілінаў за ўрок.

У Васілішкаўскай сярэдняй школе на нэтбуках вучаць гісторыі і біялогіі ў пятым і шостым класах. Астатнія “падцягваюцца”, гавораць у адміністрацыі школы.

“Мы іх не выкарыстоўваем штодзённа, у гэтым няма неабходнасці. Але дзеці і бацькі задаволеныя, ужо праз гэтыя два гады я не магу проста паперку вешаць на ўроку, трэба выкарыстоўваць і аўдыё- і відэафайлы. Вось мы лірычныя песні вучылі ў другім класе. Там дзеці спявалі караоке і запомнілі песню”, — тлумачаць у школе.

На ўроках у ліцэі БДУ выкарыстоўваюць не нэтбукі, не планшэты, а рыдары! І толькі ў адным класе.

“Гэта ж не планшэты, а звычайныя чыталкі. На іх адкрываюцца розныя фарматы кніг, больш ніякіх функцыянальных асаблівасцяў. Ёсць настаўнікі, якія іх выкарыстоўваюць, некаторыя абыходзяцца без іх. У адным класе яны выкарыстоўваюцца”, — расказваюць у адміністрацыі ліцэя.

Гаворыць пра высокія тэхналогіі ў школе і міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. Але наракае на падрыхтоўку кадраў.

“Такія праекты рэалізуюцца ў многіх краінах свету. Але калі падзяляць школы на тыя, якія гатовы развівацца, і тыя, якія не імкнуцца да самага перадавога, атрымаецца 30 на 70”, — кажа міністр адукацыі пра высокія тэхналогіі падчас апошняй прэс-канферэнцыі.

І называе ліцэй БДУ адным з самых першых у тэхнічным развіцці. Пры тым, што там выкарыстоўваюць нават не планшэты, а рыдары.

Фота: cit.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі