Не "зацішша", а падрыхтоўка да наступнага этапу — 208-я раніца вайны ва Украіне

З 6 да 14 верасня ў Харкаўскай вобласці былі вызваленыя 388 населеных пунктаў і 150 тысяч чалавек / facebook.com/GeneralStaff.ua
З 6 да 14 верасня ў Харкаўскай вобласці былі вызваленыя 388 населеных пунктаў і 150 тысяч чалавек / facebook.com/GeneralStaff.ua

"Пэўнае зацішша" пасля контрнаступлення Украіны ў Харкаўскай вобласці на самай справе з'яўляецца падрыхтоўкай да наступных дзеянняў. Пра гэта заявіў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце.

"Магчыма, цяпер каму-небудзь з вас здаецца, што пасля шэрагу перамог мы маем пэўнае зацішша. Але гэта не зацішша", — сказаў ён. "Громадське" нагадвае, што ў рамках контрнаступлення УСУ ў Харкаўскай вобласці з 6 да 14 верасня былі вызваленыя каля 8500 квадратных кіламетраў, 388 населеных пунктаў і 150 тысяч чалавек. Пад часовым кантролем расіян застаецца яшчэ каля 6% тэрыторыі вобласці, а да контрнаступлення было акупавана 32%.

Акрамя таго, на поўдні ўкраінскія вайскоўцы цягам апошніх двух тыдняў вызвалілі 13 населеных пунктаў і знішчылі 70 складоў боепрыпасаў. Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў казаў, што наступ украінскіх байцоў адбываецца значна "лепш, чым чакалася".

За мінулыя суткі ад расійскіх абстрэлаў пацярпела інфраструктура больш за 30 ўкраінскіх населеных пунктаў. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаб Узброеных Сіл Украіны.

Працягваюцца абстрэлы ўкраінскіх пазіцый ўздоўж лініі судакранання. Расійскія войскі праводзяць перагрупоўку сваіх падраздзяленняў на асобных напрамках, уводзяць рэзервы і не спыняюць вядзенне паветранай выведкі. Задачы на гэты момант у расіян, паводле ацэнкі ўкраінскага Генштаба, застаюцца ранейшымі: поўная акупацыі Данецкай вобласці, арганізацыі абароны і ўтрыманне захопленых тэрыторый, а таксама зрыў актыўных дзеянняў УСУ на асобных кірунках. Акрамя таго, расіяне працягваюць абстрэльваць жылыя раёны і аб'екты грамадзянскай інфраструктуры, адзначаюць у Генштабе.

"За мінулыя суткі праціўнік нанёс 3 ракетныя і 22 авіяцыйныя ўдары, здзейсніў больш за 90 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па аб'ектах на тэрыторыі Украіны. З пачаткам гэтых сутак вораг правёў яшчэ тры ракетныя ўдары", — кажуць у Генштабе УСУ.

Так, у ноч на 19 верасня расійскія войскі нанеслі ракетны ўдар па горадзе Запарожжа. Пра гэта паведаміў старшыня Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Старух.

"Вядома пра восем прылётаў. Папярэдне, зноў мішэнню сталі аб'екты інфраструктуры", — напісаў ён. Пасля выбухаў мясцовыя паведамлялі, што ў адным з раёнаў Запарожжа, а таксама прыгарадзе знікла электразабеспячэнне. Яго ўжо аднавілі.

Пад абстрэлам быў і Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласці. Расіяне "тройчы ўдарылі з цяжкай артылерыі і "Градаў" па Нікапальскай і Марганецкай грамадах. Выпусцілі больш за 40 снарадаў", — піша кіраўнік абласной адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. Папярэдне, людзі не пацярпелі. У Нікапалі і ваколіцах пашкоджаны каля 10 дамоў, некалькі гаспадарчых пабудоў, машыны, вадаправод і лінія электраперадач. У Марганецкай грамадзе без святла засталіся больш за 2 500 сем'яў. "Энергетыкі ўжо працуюць",   кажа Разнічэнка.

Не "затишье", а подготовка к следующему этапу — 208-е утро войны в Украине

У Нікапалі і ваколіцах у выніку абстрэлаў  пашкоджаны каля 10 дамоў / @dnipropetrovskaODA

Паводле ацэнкі Інстытута вывучэння вайны, расіяне, імаверна, спрабуюць правесці больш прадуманы і кантраляваны адвод войскаў у Херсонскай вобласці, каб пазбегнуць хаатычных уцёкаў, як гэта было ў Харкаўскай вобласці. "Украінскае контрнаступленне ў Херсонскай вобласці прасоўваецца наперад, і расійскія войскі, відавочна, спрабуюць запаволіць яго і адступіць на больш абароненыя пазіцыі, замест таго, каб спыніць яго ці павярнуць назад", гаворыцца ў справаздачы Інстытута.

Там таксама адзначаюць, што знішчаныя масты праз Днепр аказваюць сур'ёзны ўплыў на расійскія пастаўкі ў гэтым рэгіёне — "апошнія паведамленні паказваюць на недахоп харчавання і вады ў акупаваным Херсоне і, прынамсі, часовае паслабленне агню расійскай артылерыі".

Не "затишье", а подготовка к следующему этапу — 208-е утро войны в Украине

Карта баёў у Херсонскай вобласці 18 веранся 2022 года / understandingwar.org

У Інстытуце таксама прыйшлі да высновы, што расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін усё больш робіць стаўку на нерэгулярныя добраахвотніцкія сілы замест таго, каб паспрабаваць аднавіць пашкоджаныя падраздзяленні расійскіх сухапутных войскаў.

Стаўка на добраахвотнікаў і мабілізаваных з так званых "ЛДНР" "прывядзе да далейшай напружанасці, няроўнасці і агульнай адсутнасці згуртаванасці" паміж сіламі, якія ваююць на расійскім баку, мяркуюць экспэрты. Яны тлумачаць гэта тым, што "гэтыя групы маюць розны ўзровень ваеннай падрыхтоўкі", а "дэцэнтралізаваныя структуры камандавання і рознае ўспрыманне вайны, матывацыі да барацьбы робіць канфлікт і дрэнную каардынацыю падраздзяленняў больш верагоднымі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі