Вы тут

Не Imaguru, а "Інавацыя": месца стартап-хаба ў Мінску заняла прыватная школа

Цяпер на Фабрыцыуса, 4 замест шыльды Imaguru вісіць шыльда "ИННОВАЦИЯ" / Еўрарадыё

На месцы стартап-хаба Imaguru на Фабрыцыуса, 4 у Мінску размясцілася прыватная школа. Памяшканні, якія належаць дзяржхолдынгу "Гарызонт", цяпер арандуе "Гімназія "Інавацыя".

Было Imaguru, стала "Інавацыя" / Еўрарадыё

Дырэктар і сузаснавальніца "Інавацыі" — Алена Мішчанка, кіраўніца Асацыяцыі прыватных устаноў адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Маці Алены — Людміла Мішчанка — доўгі час была дырэктарам Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў, а ў 2001 годзе была даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі.

Дырэктар "Інавацыі" Алена Мішчанка і яе маці Людміла / Еўрарадыё

Алена неаднаразова была заўважаная ў кампаніі Лукашэнкі і чыноўнікаў "найвышэйшага кола" на розных нарадах.

Алена Мішчанка (бландзінка ў чорным пінжаку) за адным сталом з Лукашэнкам на нарадзе "па пытаннях унясення навацый у Кодэкс аб адукацыі", кастрычнік 2021 года / БЕЛТА
Алена Мішчанка (у чырвоным пінжаку) у кампаніі прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі і іншых чыноўнікаў / БЕЛТА

Акрамя таго, дырэктар "Інавацыі" раздае інтэрв'ю дзяржаўнай прэсе, а дзяржТБ робіць рэпартажы пра яе школу. А аднойчы Алена з сабакам трапіла на інтэрв'ю да дрэсіроўшчыка Эдгарда Запашнага.

Злева направа: Алена Мішчанка у рэпартажы "Беларусь 4", на АНТ і з Эдгардам Запашным / Еўрарадыё

Школа Алены Мішчанка існуе пяць з невялікім гадоў. Яна прадстаўлена як "гімназія з двухмоўнай сістэмай навучання на англійскай і рускай мовах". Аддзяленні прыватнай школы ёсць у Мінску і Магілёве. У 2021 годзе 12 месяцаў навучання ў "Інавацыі" абышліся б прыкладна ў 5750–6325 долараў.

Па словах сузаснавальніцы Imaguru Таццяны Марыніч, у красавіку 2021 года холдынг "Гарызонт" без тлумачэння прычын скасаваў дамову арэнды з хабам у аднабаковым парадку, а пазней кампанія была вымушаная рэлакавацца. Сама Таццяна звязвае гэтыя падзеі з палітычным ціскам і парадкам дня беларускіх уладаў, накіраваным супраць "непажаданых".

За час існавання Imaguru дапамог больш чым тромстам стартапам, сярод якіх ацэненая ў мільярд долараў IT-кампанія Pandadoc і праграма MSQRD, набытая пазней кампаніяй Facebook.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.