"Не хацелі пакрыўдзіць краіну": краму хочуць аштрафаваць за майку з аўтазакам

Футболка Welcome to Belarus / facebook.com/kramaKniazVitaut
Футболка Welcome to Belarus / facebook.com/kramaKniazVitaut

Брэсцкая крама сувеніраў і адзення "Князь Вітаўт" 25 ліпеня атрымала паведамленне аб пачатку адміністрацыйнага працэсу. Брэсцкаму гарвыканкаму не спадабаліся футболкі з надпісам Welcome to Belarus на фоне аўтазака. Чыноўнікі палічылі гэта неналежнай рэкламай, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання стала на іх бок.

"Рэклама, якая змяшчае прывітанне і запрашэнне наведаць Беларусь, выказанае словамі Welcome to Belarus, у спалучэнні з графічнымі выявамі спецтранспарту, які выкарыстоўваецца для перавозкі падазраваных і абвінавачваных, фактычна прыраўноўвае вобраз краіны да гэтага спецтранспарту, што з'яўляецца праявай непавагі да краіны", — сказана ў адказе з міністэрства.

Па словах саўладальніка "Князя Вітаўта" Алега Чапарава, ні ў кога з супрацоўнікаў крамы і ў думках не было паставіцца да краіны непаважліва. Аўтазак на футболцы — гэта адлюстраванне падзей, якія адбываюцца ў Беларусі.

— Калі мы іх рабілі, мы ўкладвалі туды не той сэнс, каб пакрыўдзіць кагосьці, а асабліва нашу краіну. Мы ўкладвалі сэнс адлюстраваць тое, што адбываецца цяпер у краіне, і ўсё. Што мы парушылі — мы не ведаем. Яны нам інкрымінуюць парушэнне заканадаўства па рэкламе. І шмат чаго яшчэ панапісвалі. Вядома, мы лічым гэта абсурдам.

 

“Не хотели обидеть страну”:магазин одежды хотят оштрафовать за майку с автозаком
“Не хотели обидеть страну”:магазин одежды хотят оштрафовать за майку с автозаком
“Не хотели обидеть страну”:магазин одежды хотят оштрафовать за майку с автозаком
Ліст ад Брэсцкага гарвыканкама

Чапараў не выключае, што рэакцыя ўладаў на майкі з аўтазакам звязаная з прэзідэнцкімі выбарамі, якія пройдуць 9 жніўня:

— Гэта хваля, якая пачалася з SYMBAL.by, яна цяпер і пайшла падчас выбарчай кампаніі. Таму, хутчэй за ўсё, на наш погляд, улады як у СМІ, так і ў інтэрнэце не хочуць бачыць праўды і хочуць гэта неяк згладзіць. Я не ведаю, чым яны кіруюцца.

Гэта не першы выпадак за час выбарчай кампаніі, калі ўлады пераследуюць краму адзення і сувеніраў. У крамы SYMBAL.by канфіскавалі больш за 400 футболак з надпісам "ПСІХО3%", які абыгрывае стаўленне Аляксандра Лукашэнкі да каранавіруса і іранічны мем пра яго электаральны рэйтынг. У краму сталі прыходзіць праверкі, 29 чэрвеня яна вымушана была закрыцца.

А 23 чэрвеня АМАП разагнаў чаргу з пакупнікоў, якая стаяла перад дзвярыма SYMBAL.by. Праз месяц іх судзілі за ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве і супраціў міліцыі.

"Князь Вітаўт", дарэчы, пакуль што не прыбіраў футболкі з аўтазакам з продажу.

Юрыст: апошняе слова — за МАРГ

Чаму чыноўнікі бачаць у прынце з аўтазакам толькі негатыў? Бо гэта цалкам магла б быць рэклама якаснага беларускага аўтатранспарту! Адны бачаць адно, а іншыя — іншае. Але юрыст Надзея Кавалёва тлумачыць: пытанні выканання заканадаўства аб рэкламе адносяцца да кампетэнцыі МАРГ. Як у міністэрстве вырашаць — так і будзе.

— У разгляданай сітуацыі пытанне ў змесце відарысаў, надпісаў і іх сэнсавай нагрузцы. Мяркую, што вытворца маек не пераследаваў мэты пазначыць краіну ў якасці аб'екта рэкламы, а выказаў такім чынам стаўленне да палітычных з'яў. Але ў любым выпадку заклік "Сардэчна запрашаем у Беларусь" на фоне аўтазака — сумнеўная прапанова.

Успрыманне ў людзей зместу такой майкі рознае. Многія б успрынялі такі відарыс з тэкстам як чарговы жарт з перадвыбарнай кампаніі, хтосьці, дэманструючы такую майку, пазначае сваю грамадзянскую пазіцыю. А ў турыста можа скласціся іншае ўяўленне: заклік наведаць краіну на фоне аўтазака напэўна выклікае апаску быць затрыманым і трапіць у непрыемнасці.

Вядома, калі адштурхоўвацца ад таго, што аб'ектам рэкламы ў гэтым выпадку з'яўляецца Рэспубліка Беларусь, такая рэклама з'яўляецца неверагоднай і неэтычнай. МАРГ у першую чаргу зыходзіць з нацыянальных інтарэсаў і адрэагаваў на тое, што адбываецца ў рамках закона "Аб рэкламе" — у адпаведнасці са сваёй кампетэнцыяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі