Пад заваламі жылога дома ў Кіеве знайшлі цела загінулай журналісткі

Ратавальнікі ля жылога дома, у які трапіла расійская ракета​ /  @dsns_telegram
Ратавальнікі ля жылога дома, у які трапіла расійская ракета​ /  @dsns_telegram

Як мінімум адзін чалавек загінуў у выніку ракетнага абстрэлу Кіева, паведаміў мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко.

Напярэдадні ўвечары расіяне выпусцілі па Кіеве пяць ракет. Лічбу агучыў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі. Адна з ракет трапіла ў 25-павярховы дом. Былі часткова разбураныя першы і другі паверхі, пачаўся пажар. Гэта быў новы дом, таму ў ім знаходзілася няшмат людзей, расказаў пазней Віталь Клічко. Тым не менш як мінімум адзін чалавек загінуў — гэта жанчына, яе цела ратавальнікі знайшлі пад заваламі дома. Пазней стала вядома, што загінулая — журналістка Вера Гірыч.

Яшчэ 10 чалавек пацярпелі, з іх чацвярых забралі ў бальніцу.

У Маскве заявілі, што мэтай абстрэлу ў Кіеве быў ракетна-касмічны завод "Арцём". "Высокадакладнай зброяй вялікай далёкасці паветранага базавання ВКС Расіі знішчаныя вытворчыя карпусы прадпрыемства", зрабілі справаздачу ў расійскім Мінабароны. 

Расіяне нанеслі ракетны ўдар па Кіеве ў той час, калі там знаходзіўся з візітам генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш. Ён абмяркоўваў з Уладзімірам Зяленскім эвакуацыю людзей з завода "Азоўсталь" у Марыупалі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі