Найгоршае падарожжа: як жывуць мігранты, якія трапілі ў Латвію праз Беларусь

Цэнтр размяшчэння ўцекачоў "Муцэніекі" / "Новая газета — Балтия"
Цэнтр размяшчэння ўцекачоў "Муцэніекі" / "Новая газета — Балтия"

Рэшад Хан жыве на 21 еўра ў тыдзень: купляе на іх курыцу ў Lidl і гатуе на ўсіх, хто побач. Дах над галавой, астатняе харчаванне і дапамогу валанцёраў яму забяспечвае цэнтр "Муцэніекі" для ўцекачоў, недалёка ад Рыгі. Тут Рэшад чакае рашэння ад міграцыйнай службы Латвіі. Ён уцёк з Афганістана і трапіў у краіну нелегальна, праз Беларусь.

З вясны да канца лета 2021 года ў Латвію гэтай дарогай трапілі каля 400 чалавек, якія папрасілі прыстанішча. Яны прыбываюць з Ірака, Сірыі і Афганістана і спрабуюць нелегальна прарвацца праз мяжу. З 11 жніўня ў Латвіі на мяжы з Беларуссю дзейнічае надзвычайная сітуацыя праз мігрантаў. Мяжа на замку, у зону НС не пускаюць журналістаў і валанцёраў.

"Новая газета — Балтия" наведала цэнтр для ўцекачоў "Муцэніекі" і расказвае гісторыі афганскіх мігрантаў, якія прыйшлі ў Латвію праз беларускую мяжу.

Махмуд таксама прыбыў у Латвію з Афганістана. На радзіме ён працаваў прадаўцом у фірме аўтазапчастак. Тры месяцы таму войска ЗША і хаўруснікаў па НАТА пакінула Афганістан, і ўсю краіну захапіў "Талібан". Сям'я Махмуда супрацоўнічала з урадам Ашрафа Гані. Такіх людзей талібы забіваюць. Сям'я вырашыла, што заставацца ў краіне Махмуду небяспечна.

Разам з яшчэ траімі ўцекачамі ён перасек мяжу Ірана і дабраўся да Турцыі. Яго сваяк заплаціў нейкаму чалавеку, які ўзяўся давезці іх да Еўропы. Сумы Махмуд не ведае, як і далейшага маршруту: ехалі на легкавым аўтамабілі і днём, і ноччу, частку дарогі прайшлі пешшу. Дабраліся да Мінска. А дзясятага жніўня Махмуда са спадарожнікамі прывезлі ў лес у ваколіцах латвійскай мяжы. Яны перасеклі яе і здаліся латвійскім памежнікам.

Дома ў Махмуда засталася сям'я з трыма дзецьмі: старэйшай дачцэ 13 гадоў, сярэдняй 10, а малодшай — 8 месяцаў.

"Яны закрылі школы для дзяўчатак! — абураецца мужчына. — Усе закрылі! Вы ідзяце па вуліцы, бачыце мноства людзей, якія вас палохаюць, і думаеце: "Тут нешта здарылася". І вы не можаце адправіць дзяцей у школу, таму што потым вас будзе мучыць думка, ці вернуцца яны дадому жывымі".

Махмуд хацеў бы застацца ў Латвіі і спадзяецца атрымаць статус уцекача. Пакуль разглядаюцца дакументы, ён не можа працаваць, але потым паспрабуе знайсці тут працу: у яго вялікі досвед у рабоце з аўтамабілямі.

"Мы маглі б жыць дзе хочаце, каб выратаваць нашы жыцці, — кажа Махмуд. — Я хацеў бы прывезці сюды сям'ю. У Афганістане жыцця няма. Там няма школ, няма адукацыі, аховы здароўя. Напрыклад, калі я захварэю і буду шукаць лекара, то не знайду — усе лекары ўцякаюць ад гэтых людзей [талібаў. — М. К.]. Усе бізнесмены ўцякаюць цяпер ад гэтых людзей. У каго там было добрае жыццё — усе ўцякаюць адтуль, таму што там няма бяспекі. Афганістан для нас цяпер як дзікі лес. Людзі плачуць ад таго, што ім няма чаго есці. Інакш навошта мы пусціліся б у такую цяжкую дарогу, перасеклі б столькі межаў, каб дабрацца сюды!"

Разам з Махмудам уцёк Рэшад Хан. Ён малады і на радзіме не паспеў атрымаць прафесійную адукацыю, бо клапаціўся пра бацькоў. Але дзесяць месяцаў ён адвучыўся на курсах англійскай і валодае ёй выдатна. У Рэшада паўсталі праблемы з талібамі, і яго бацькі вырашылі пакінуць Афганістан і паехаць у Еўропу, каб жыць у бяспецы ў нармальным асяроддзі. Чалавека, які давёз іх да Латвіі, ён не ведае.

Худшее путешествие в жизни: как живут мигранты, попавшие в Латвию через Беларусь
Рэшад Хан / "Новая газета — Балтия"

"Цяпер у Афганістане найгоршая сітуацыя для моладзі, — кажа юнак. — Вучыцца немагчыма. Усе хочуць з'ехаць з краіны. Амерыка, Канада, Германія адпраўляюць самалёты, каб эвакуяваць людзей, у якіх праблемы з талібамі. Я адзін з такіх людзей. На няшчасце, я не прыляцеў на самалёце".

Рэшад — ураджэнец Кабула. Адтуль і пачалася яго дарога. "Мы ехалі на машыне, ішлі пешшу, падымаліся ў горы, нелегальна перасякалі межы і дабраліся з Кабула да латвійскай мяжы прыкладна за 23 дні, — расказвае юнак. — Спачатку мы ішлі ноччу, а днём спалі. Перасякаць мяжу нялёгка. Было шмат напружання, цяжкасцяў з ежай, вадой, аўтамабілямі, часам нас білі. Гэта было найгоршае падарожжа ў маім жыцці. Мы не ведалі, што трапілі ў Беларусь. Чалавек, якога можна назваць нашым агентам, сказаў нам. Мы ішлі пешшу прыкладна тры гадзіны лесам да латвійскай мяжы. Там былі памежнікі з сабакам, яны арыштавалі нас і даставілі ў Даўгаўпілс у цэнтр затрымання нелегальных імігрантаў. Я ніколі не быў у такім месцы, падобным да турмы, хоць гэта і не турма. Усюды паліцэйскія. Таму я крыху нерваваўся і сумаваў".

Калі Рэшад падаў памежнікам арыгінальныя афганскія дакументы, яго перавялі ў "Муцэніекі", і малады чалавек нарэшце адчуў сябе ў бяспецы. "Нам выдаюць сытную ежу, напрыклад фасолю, рыс, алей, цукар, чорную гарбату. Даюць аўтобусныя білеты і 21 еўра кожны тыдзень. Мы ямо простую ежу дзеля падтрымання жыцця, я не бачу тут халяля або хараму. На самай справе я закупляюся ў Lidl. Там досыць танна, і мы ў асноўным купляем што-небудзь вегетарыянскае, часам курыцу, я ўмею яе гатаваць. На паверсе ёсць агульная кухня, мы гатуем разам і робім там прыборку вечарамі. На кожным паверсе дзве ці тры душавыя з васьмю кабінкамі, трапіць у душ не праблема".

Рэшад дзеліць пакой з трыма таварышамі па падарожжы. Але раней, паводле яго слоў, калі ў лагеры было занадта шмат народу, у пакоях жылі па 6-7 чалавек. Насельнікам цэнтра пры неабходнасці забяспечваюць юрыдычную дапамогу.

"Тутэйшыя службоўцы такія добрыя! — кажа Рэшад. — Як яны размаўляюць з намі, як дапамагаюць, калі мы маем патрэбу ў дапамозе! Калі хтосьці захворвае, доктар працуе ў працоўныя дні, мы лёгка можам зайсці да яго ў кабінет і пракансультавацца, ён дае нам лекі. Калі камусьці ў лагеры становіцца дрэнна, выклікаюць хуткую, і яна прыязджае за некалькі хвілін".

На другі дзень знаходжання ў "Муцэніекі" да Рэшада з таварышамі прымацавалі ментара — чалавека, які дапамагае ім асвоіцца ў новай для іх абстаноўцы. "Яе завуць Крыста, — расказвае Рэшад. — Яна вельмі дабрая і спагадная, яна дастае мне адзенне, цёплыя курткі, пальчаткі і пастаянна пытаецца ў мяне пра здароўе, пра маё становішча".

Рэшад яшчэ не прыступіў да вывучэння латышскай мовы, але плануе. У сярэдзіне лістапада скончыліся яго іміграцыйныя інтэрв'ю, і з гэтага моманту на працягу трох месяцаў яму абавязаны даць адказ: дазволяць яму застацца ў Латвіі або не. Юнак спадзяецца на больш хуткае рашэнне яго справы. Адзін з яго сяброў атрымаў альтэрнатыўны статус і гадавы дазвол на знаходжанне ў Латвіі за месяц з невялікім. Пасля гэтага Рэшад збіраецца знайсці падпрацоўку і паступіць вучыцца, але пакуль не надумаў, на каго. "У Даўгаўпілсе памежнікі казалі мне: "Калі ты атрымаеш дазвол на пражыванне і Латвія прызнае цябе ўцекачом, ты мог бы працаваць у нас перакладчыкам", — кажа ён.

Прадстаўнік Упраўлення па справах грамадзянства і міграцыі Мадара Пуке паведаміла, што ў цэнтры размяшчэння просьбітаў прыстанішча "Муцэніекі" цяпер знаходзіцца 185 чалавек, і 23 чалавекі — у Юрмальскіх памяшканнях МУС у Дзінтары. Усяго 208 просьбітаў прыстанішча. Пераважна гэта іракцы, за імі ідуць выхадцы з Афганістана, грамадзяне Беларусі на трэцім месцы. Прыкладна 70% з іх мужчыны, 30% — жанчыны і дзеці. "У канцы жніўня ў нас было прыкладна 400 просьбітаў прыстанішча, — расказала Мадара Пуке, — але большая частка, гэта значыць больш за 300 чалавек, паступова раз'ехалася. Цэнтр "Муцэніекі" не ўстанова закрытага тыпу, і ў просьбітаў прыстанішча ёсць магчымасць яго самавольна пакінуць. Ва Упраўлення няма інфармацыі, куды яны адправіліся, але пра кожны такі выпадак мы паведамляем калегам з Дзяржаўнай памежнай аховы".

Худшее путешествие в жизни: как живут мигранты, попавшие в Латвию через Беларусь
Цэнтр размяшчэння ўцекачоў "Муцэніекі" / "Новая газета — Балтия"

Са жніўня статус уцекача атрымалі 65 чалавек, 24 чалавекі — альтэрнатыўны статус. У асноўным гэта беларусы, але ёсць таксама афганцы і іракцы, у тым ліку тыя, якія прыбылі праз Беларусь. Атрымаўшы статус і від на жыхарства, людзі могуць пачаць самастойнае жыццё за межамі цэнтра "Муцэніекі". "Калі просьбіт прыстанішча прыбывае з краіны Х і ў яго ёсць знаёмыя з гэтай краіны, у яго таксама ёсць права жыць па-за цэнтрам, — дадае прадстаўніца міграцыйнай службы. — Ён павінен напісаць нам заяву, паказаўшы адрас будучага месца жыхарства, і тады яму трэба будзе з'яўляцца толькі на інтэрв'ю і на разгляд справы".

Адмоўлена ў статусе дагэтуль 25 асобам, 20 з іх аспрэчылі рашэнне міграцыйнай службы ў судзе, і разгляд гэтых спраў яшчэ працягваецца, і пакуль яны маюць права знаходзіцца ў Латвіі. Калі суд палічыць рашэнне Упраўлення правільным, гэтым асобам давядзецца пакінуць краіну ў пэўны тэрмін.

Некамерцыйная арганізацыя "Прыстанішча "Надзейны дом" (Patvērums "Droša māja") забяспечвае ўцекачам і просьбітам прыстанішча паслугі перакладчыкаў, а таксама арганізуе курсы латышскай мовы і інтэграцыйныя курсы.

Старшыня праўлення Гунта Вікснэ расказала "Новой газете — Балтия": "Нашы перакладчыкі працуюць там, дзе пачынаецца сацыяльная інтэграцыя ў Латвіі — напрыклад, трэба ўладкаваць дзіця ў школу або наведаць медыцынскую ўстанову. Адклікаемся на запыты Латвійскага Чырвонага Крыжа, арганізацыі "Хачу дапамагчы ўцекачам", Дзяржаўнай службы занятасці, банкаў, школ. Калі людзі праходзяць працэс атрымання прыстанішча, з імі працуюць перакладчыкі міграцыйнай службы".

У сувязі з каранавіруснымі абмежаваннямі ўсё адбываецца ў асноўным аддалена — па тэлефоне ці WhatsApp, праз ZOOM або Skype. У распараджэнні НКА 23 перакладчыкі з 18 моў. Яшчэ нядаўна было два спецыялісты з курдскай мовай, але цяпер "Надзейны дом" зноў шукае такіх. Зрэшты, Гунта Вікснэ прызнае, што за апошнія пару-тройку тыдняў попыту на іх не было. Запатрабаваныя перакладчыкі з дары і пушту, на якіх гавораць у Афганістане, а таксама з арабскай. Гэта пераважна носьбіты мовы.

Як толькі чалавек атрымлівае афіцыйны ахоўны статус, ён можа прыступіць да пошукаў працы. Старшы эксперт Дзяржаўнага агенцтва занятасці (NVA) Роналд Кражэ сцвярджае, што ў Латвіі ўцекачы і ўладальнікі альтэрнатыўнага статусу могуць знайсці працу, у якой дастаткова нават базавых ведаў англійскай, напрыклад, маркіроўшчыка прадукцыі (праца ў Рызе, заробак 500–1200 еўра), грузчыка (праца ў Рызе, аплата 5 еўра ў гадзіну) або работніка аўтасэрвісу (Елгава, зарплата ад 1200 еўра). У агенцтве аказваюцца паслугі моўнага ментара — людзям з пачатковымі ведамі латышскай дапамагаюць асвоіць прафесійную лексіку.

Марыя Кугель 

Пры падтрымцы "Медиасети"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі