Наўседа, напэўна, накладзе вета на закон пра абмежаванні для беларусаў і расіян

Гітанас Наўседа / Reuters
Гітанас Наўседа / Reuters

Гітанас Наўседа, верагодна, накладзе вета на закон, які прадугледжвае абмежаванні для грамадзян Беларусі і Расіі, калі ён застанецца ў цяперашнім выглядзе. Пра гэта паведаміў старшы дарадца прэзідэнта Літвы Кястуціс Будрыс, піша delfi.lt. Хаця сама ініцыятыва ўхваляецца, Будрыс мяркуе, што не варта замацоўваць заканадаўча нераўназначныя правілы для беларусаў і расіян.

Цяпер у законапраекце прадугледжваюцца больш строгія абмежаванні для расіян. А для беларусаў зробленыя выключэнні наконт прыняцця ў грамадзянства і магчымасці набываць нерухомасць.

Па словах Будрыса, такая заканадаўчая ініцыятыва вітаецца, каб прадэманстраваць пазіцыю Літвы ў адносінах да дзяржаў, ад якіх сыходзіць пагроза. "Тым не менш, тое, чаго мы не можам сабе дазволіць — гэта палітычна праводзіць адрозненне паміж Расіяй і Беларуссю, заяўляючы, што адна дзяржава агрэсіўнейшая за іншую, або пасылаць свету нейкі іншы нядобры сігнал", — мяркуе дарадца літоўскага прэзідэнта.

Па яго словах, афіцыйная Вільня прытрымліваецца прынцыпу раўназначнай ацэнкі Расіі і Беларусі. "Скажам, у Еўрасаюзе, калі заходзіць гаворка пра санкцыі, Літва з'яўляецца адным з цэнтральных галасоў, якія сцвярджаюць, што Беларусь павінна ісці побач з Расіяй, і мы пераконваем нашых партнёраў у тым, што трэба рабіць. Мы не можам правесці такое адрозненне на нацыянальным узроўні. Ну, гэта было б неналежнай мерай і няслушным пасылам", — тлумачыць Будрыс.

Сейм Літвы павінен 4 красавіка разгледзець у другім чытанні законапраект пра санкцыі супраць грамадзян Беларусі і Расіі ў сувязі з агрэсіяй супраць Украіны. У ім прапануецца на год зрабіць больш жорсткім парадак выдачы дазволаў на пастаяннае або часовае пражыванне, парадак выдачы віз, увесці забарону на перамяшчэнне грамадзян Расіі праз знешнюю мяжу ЕС (за выключэннем выпадкаў, калі яны адпавядаюць устаноўленым Літвой патрабаванням).

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі