Вы тут

Натхніліся расійскім пеўнем з гною: як ляпілі 5-метровага снегавіка з “Пагоняй”

Беларускі снегавік са снега vs Рускі певень з гною

У вёсцы Глушкавічы Лельчыцкага раёна з’явіўся велізарны снегавік з бел-чырвона-белым сцягам і гербам “Пагоня”. Яго вышыня больш за пяць метраў. Здымак снежнага волата і васьмі маладзёнаў побач з ім з’явіўся ў сацыяльных сетках 31 снежня.

“Хтосьці ўбачыў у інтэрнэце, як расійскі майстар зляпіў пеўня з гною. Ну, мы пасмяяліся з рускіх, і вырашылі проста зляпіць снегавіка са снегу”, — распавёў Еўрарадыё Віктар Снягур, адзін з аўтараў снегавіка.

yakutia.info

Віктар кажа, што праца расцягнулася на тры дні. У працэсе бралі ўдзел усе хлопцы з фота.

Снягур: “А як груды зацягнулі? Гэта сакрэт, але ўсё рабілі рукамі. Хлопцы ў нас на Палессi дужыя…”

Калі прыглядзецца, на фота можна ўбачыць складзеныя драбіны. Аднак і пры іх дапамозе зацягнуць снежныя груды адна на адну, пэўна, справа няпростая.  

Днямі ў Брэсце аштрафавалі жанчыну, якая зляпіла снегавіка з лістоўкамі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Суд прызнаў яе вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Віктар у размове з Еўрарадыё сумняваецца, што іх снегавік стане прычынай падобнага пакарання. Тым больш, што з’явіўся ён на прыватным падворку.

Больш важных і цікавых падзей тыдня ў выніковай праграме ЕЎРАЗУМ: