Настаўніка гісторыі, які расказаў пра бел-чырвона-белы сцяг, будуць судзіць

Настаўніка гісторыі, які расказаў пра бел-чырвона-белы сцяг, будуць судзіць

46-гадовага настаўніка гімназіі са Смаргоні будуць судзіць за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавяла афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Марыя Трушынская.

Еўрарадыё распавядала пра настаўніка гісторыі Андрэя Пятроўскага. На ўроку грамадазнаўства 12 сакавіка ён расказаў дзецям па іх просьбе пра бел-чырвона-белы сцяг. Адзін з вучняў — сын мясцовай чыноўніцы запісаў урок Пятроўскага і выклаў запіс у "сямейным чаце". Пасля гэтага настаўніка звольнілі з гімназіі. Потым да яго прыйшлі сілавікі з ператрусам. 

Паводле афіцыйнай версіі, Пятроўскі на ўроку "прадэманстраваў навучэнцам 11-га класа відэаролік з Telegram-канала, які раней быў прызнаны экстрэмісцкім. Фільм змяшчаў заведама паклёпніцкую і ілжывую інфармацыю пра прэзідэнта Беларусі". 

Следчыя дапыталі вучняў Пятроўскага. "Дапытаныя ў якасці сведак выпускнікі растлумачылі, што відэаролік быў ім не цікавы. Усе вучні пацвердзілі факт паказу фільма на ўроку", — кажуць у Следчым камітэце.

На Пятроўскага пачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які змяшчаецца ў публічным выступе). Ён адмовіўся ад дачы паказанняў, сваю віну не прызнаў. З мужчыны ўзялі падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі