Настаўніцу ў Баранавічах адхілілі ад працы, бо дала аплявуху школьніку

Баранавіцкі школьнік атрымаў аплявуху ад настаўніцы / скрыншот роліка TikTok
Баранавіцкі школьнік атрымаў аплявуху ад настаўніцы / скрыншот роліка TikTok

У Баранавічах настаўніца адной са школ падчас канфлікту з вучнем дала яму аплявуху. Інцыдэнт трапіў на відэа, якое з'явілася ў сацсетцы TikTok.

на ім чуваць, як настаўніца ў моцным эмацыйным узбуджэнні выгаворвае школьніку, а потым чуваць гук аплявухі (у кадры гэтага няма). На запісе ўказваецца, што інцыдэнт адбыўся ў сярэдняй школе №17 горада Баранавічы, піша мясцовая газета "Наш край".

Начальнік упраўлення адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама Таццяна Шастак пацвердзіла журналістам, што такое здарэнне напраўду было: "На жаль, гэты выпадак сапраўды быў, ён адбыўся вясной мінулага года. Магу сказаць, што інцыдэнт неадназначны. Да высвятлення ўсіх абставінаў таго, што адбылося настаўніца часова адхіленая ад працы".

Бацькі школьніка кажуць, што настаўніца невінаватая і ўсю віну ўскладаюць на свайго сына. "Сын распавёў мне пра тое, што пасварыўся з класнай, яшчэ тады, у траўні. Аднак пра прычыну маўчаў. Пра гэта стала вядома ўжо цяпер. Я разумею, што ён сам вінаваты ў гэтым канфлікце, што ён яе справакаваў", — кажа маці школьніка.

Бацькі школьніка выступаюць катэгарычна супраць звальнення настаўніцы і кажуць, што гатовыя пісаць лісты ў абарону педагога.

Сам школьнік сказаў журналістам, што шкадуе пра свой учынак: "Сёння я шкадую, што справакаваў канфлікт. Такая "слава" не патрэбная ні мне, ні настаўніку, ні нашай школе".

Адзін з самых шумных школьных канфліктаў здарыўся ў верасні 2019 года ў Гомелі. Настаўніцу Людмілу Чацвярткову звольнілі пасля з'яўлення відэа, дзе яна трэсла партай над галавой чацвертакласніка з крыкам: "Я пайду ў турму, а табе п...ц!". Тады за педагога заступіўся Лукашэнка і загадаў аднавіць яе на працы.

На пачатку 2020 года ў Чачэрску настаўніца адной са школ так стукнула школьніка галавой аб парту, што ў яго дыягнаставалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму. Аднак бацька пацярпелага школьніка не стаў пісаць заяву аб прыцягненні настаўніцы да крымінальнай адказнасці. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі