Нашэсце змей у Беларусі. Адкуль гэтыя гады і як ад іх ратавацца?

Змеі

Змеі / vkratce.net

У Беларусі — нашэсце змей. На відэа, якім падзяліўся жыхар Пінска, відаць, што яны поўзаюць па зямлі пад дрэвамі, па кустах, па плітцы. Імі проста кішаць гарадскія вуліцы!

Што адбываецца? Можа, набліжаецца канец свету? А раптам гэтыя гады наогул ядавітыя?

Не хвалюйцеся, — супакойвае біёлаг Віталіна Лабанава. — Змеі спяшаюцца пагрэцца на сонейку пасля зімоўкі. Калі вы не будзеце іх чапаць, яны наўрад ці нападуць на вас. На відэа я бачу вужоў, іх у нашай краіне шмат.

У інтэрв'ю Еўрарадыё спецыялістка тлумачыць прычыну змяінага шабашу, расказвае, якія змеі водзяцца ў нашай краіне і якія з іх небяспечныя. Таксама мы пагаварылі пра тое, дзе часцей за ўсё можна сустрэць змяю і што рабіць, калі яна ўсё ж такі ўкусіла.

Нашествие змей в Беларуси. Откуда эти гады и как от них спасаться?
Біёлаг Віталіна Лабанава / Асабісты архіў

Якія змеі водзяцца ў Беларусі

— У Беларусі ёсць тры віды змей: гадзюка, мядзянка і вуж. З іх ядавітая толькі гадзюка. Трэба вельмі пастарацца, каб вас укусілі іншыя змеі. Мядзянка наогул занесеная ў Чырвоную кнігу і сустракаецца вельмі рэдка.

Ад вужа гадзюка адрозніваецца формай галавы і зігзагападобнай паласой. Яе цела можа быць карычневым або цалкам чорным.

Па баках галавы вужа размяшчаюцца светлыя плямы. У Беларусі часцей за ўсё можна ўбачыць шэрых вужоў. На відэа, якое апублікаваў пінчук, — менавіта вужы.

Чаму змей стала так шмат

— Людзі сталі заўважаць змей, таму што раптам моцна пацяплела. Пасля зімоўкі тыя вылазяць са сваіх схованак і паўзуць на адкрытую сонечную прастору. Каб адагрэцца, ім патрэбны час — вось яны і ляжаць на сонцы.

Звычайна гадзюкі прачынаюцца ў канцы сакавіка ці пачатку красавіка, калі паветра награваецца да 5-6 градусаў Цэльсія. Першыя са сховаў выпаўзаюць самцы, а пасля, праз некалькі дзён, — самкі.

Ці можна памерці ад укусу змяі ў Беларусі

— Як я ўжо сказала, гадзюка — гэта адзіная ядавітая змяя ў Беларусі. Яна не будзе на вас кідацца, калі вы да яе не палезеце рукамі ці нагамі. Калі вы паехалі ў лес, абавязкова выбірайце закрытую вопратку і абутак — няма чаго хадзіць басяком.

Не пужайце і не чапайце ніякіх змей. Памятайце, што нават калі гадзюка маленькая, яд у яе такі ж самы, як і ў дарослай асобіны, а то і мацнейшы.

Смяротных выпадкаў ад укусаў гадзюк вельмі мала. Часцей за ўсё яны звязаныя з людзьмі, у якіх ёсць алергія альбо нейкія хранічныя захворванні.

Вужы могуць укусіць, і самае небяспечнае, што чакае чалавека пасля такога ўкусу — гэта заражэнне крыві. Гэтыя змеі не ядавітыя, проста ў іх зубы брудныя, яны ж іх не чысцяць.

 

У якіх сітуацыях змеі кідаюцца на чалавека

— Часцей за ўсё змеі кідаюцца на людзей, калі адчуваюць небяспеку і хочуць абараніцца. Не трэба іх спецыяльна дражніць. Глядзіце пад ногі, каб выпадкова не наступіць на змяю, у адваротным выпадку напад будзе натуральнай рэакцыяй на боль, якую вы ёй прычыніце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі