Вы тут

Намеснік кіраўніка "Белаэранавігацыі" пракаментаваў іск ЗША па выпадку з Ryanair

Самалёт кампаніі Ryanair здзейсніў вымушаную пасадку ў Мінску 23 траўня 2021 года / The Washington Post​

Намеснік генеральнага дырэктара "Белаэранавігацыі" Алег Казючыц расказаў РІА "Новости", што яго афіцыйна ніхто не праінфармаваў пра іск, пададзены супраць яго ў ЗША.

Раней стала вядома, што пракуратура Паўднёвай акругі Нью-Ёрка выставіла абвінавачванні супраць чатырох грамадзянаў Беларусі. Іх абвінавачваюць у авіяцыйным пірацтве. У іску фігуруюць кіраўнік "Белаэранавігацыі" Леанід Чура і яго намеснік Алег Казючыц, а таксама два супрацоўнікі КДБ.  Напярэдадні абвінаваўчы акт быў перададзены ў Федэральны акруговы суд.

На думку Казючыца, гэты пазоў выглядае як спроба аказаць ціск на ўдзельнікаў нарады Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO), дзе павінен быць разгледжаны даклад ICAO пра інцыдэнт з самалётам Ryanair. Нагадаем, той самалёт накіроўваўся з Грэцыі ў Літву, аднак быў вымушаны здзейсніць пасадку ў Мінску. Беларускі дыспетчар паведаміў пілоту, што на борце можа знаходзіцца выбуховая прылада. Бомбы ў самалёце не знайшлі, але пасля пасадкі ў Мінску былі затрыманыя два пасажыры — блогер Раман Пратасевіч і ягоная сяброўка Сафія Сапега. У ЕС інцыдэнт акрэслілі як "паветранае пірацтва". Разгляд дакладу запланаваны на 31 студзеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.