"Накрываюся, не распранаючыся, і сплю": як мінскія бяздомныя перажываюць маразы

Міхаіл у сталовай, дзе можна атрымаць бясплатную гарачую ежу / Еўрарадыё
Міхаіл у сталовай, дзе можна атрымаць бясплатную гарачую ежу / Еўрарадыё

У выхадныя ў гадзіну дня мінскія бяздомныя могуць атрымаць бясплатны гарачы абед у дабрачыннай сталовай. Людзі прыходзяць загадзя, займаюць чаргу.

Узрост многіх вызначыць цяжка — на тых, хто жыве на вуліцы, час адлюстроўваецца па-рознаму. Ёсць тут тыя, хто зусім ужо ахайна апрануты, — часцей за ўсё яны не бяздомныя, ім проста не хапае грошай. У кагосьці з сабой сумкі — туды можна будзе пакласці лішнюю сасіску або пару цукерак, калі сёння ў сталовую непрадказальна завітае хто-небудзь неабыякавы. Або цёплыя рэчы — стваральнік сталовай мастак Аляксандр Чарніцкі пастараецца, каб сабраных ахвяраванняў хапіла на ўсіх.

Невысокая жанчына без узросту разгаварылася з суседзямі. Яна запэўнівае, што грошы не галоўнае. Маўляў, багатыя людзі часта бываюць няшчасныя. Хтосьці маўчыць, хтосьці згаджаецца. Да адкрыцця сталовай яшчэ паўгадзіны. На вуліцы мароз — мінус дваццаць.

Гісторыі, якія расказваюць бяздомныя, шмат у чым падобныя — адрозніваецца перадгісторыя. Хтосьці ўспамінае пра прыгожае мінулае жыццё, а хтосьці кажа, што не бачыў жыцця з нараджэння. Хтосьці пераседжвае маразы ў электрычках, кагосьці пускаюць пераначаваць знаёмыя. А хтосьці спіць на трубах цеплатрасы.

Мы запісалі толькі некалькі гісторый — адзінае, чым можа падзяліцца бяздомны.
 

Яўген: "Холадна было. Шчыра — было холадна"

Яўген нарадзіўся ў Гродне, там цяпер жыве яго брат. А Жэня жыве ў пад'ездзе ў Мінску. Ён не хоча нават гаварыць пра брата.

З Яўгенам мы пазнаёміліся незадоўга да Новага года. У яго былі вялікія планы і бадзёры настрой. На рынку паабяцалі працу грузчыка, а новы 2021-ы год абяцаў стаць не такім, як папярэдні: у 2020-м Жэня перанёс COVID-19 на вуліцы, а бывала, па тры дні не еў.

У 2021 годзе ён ужо паспеў перажыць на вуліцы маразы. І тымі ж словамі, якімі гаварыў пра 2020-ы месяц таму — "цяжкі, вельмі цяжкі быў год", цяпер расказвае пра халады.

— Холадна было. Шчыра — было холадна. Замерз.

"Накрываюсь, не раздеваясь, и сплю": как минские бездомные переживают морозы
Чалавек просіць міласціну / Pravoslavie.ru

Некалькі дзён Яўген правёў у лякарні, а потым зноў вярнуўся на вуліцу. Маразы тады яшчэ не спалі. Ён усё яшчэ адчувае сябе не вельмі добра. З працай таксама не склалася: грузчыкам Яўгена так і не ўзялі.

Яму крыху за трыццаць.

Пакуль былі жывыя бацькі, усё было добра. Нават, як кажа Яўген, прыгожа. Бацькі былі бізнесменамі, але пайшлі з жыцця, калі Жэню было 14 гадоў. У тым жа годзе яго першы раз пасадзілі.

— І так пачалося. З 14 гадоў пастаянна. Выйду, чатыры месяцы на волі, потым зноў у турму.

У 2010 годзе брат Яўгена прадаў кватэру.

— Я вызваліўся ў 2018 годзе і з тых часоў жыву на вуліцы. Сплю ў пад'ездзе. Міліцыя забірае. Міліцыю людзі выклікаюць. Ну а што рабіць? Нічога ж не зробіш. Ні пашпарта, нічога няма. Тры месяцы быў у рэабілітацыйным цэнтры. Не тое. Там проста кіраўнікі сабе выгоды стварылі, а людзі на іх працуюць. Кормяць па мінімуме. І я зноў пайшоў на вуліцу.

Паабедаць ён прыходзіць у бясплатную сталовую. Тут яму падабралі куртку з адзення, якую ахвяравалі людзі. Жыць Жэню няма дзе, працаваць — таксама.

— Я б пайшоў на любую працу, без пытанняў, — кажа ён.

Як толькі гучыць слова "праца", да размовы падключаецца Вячаслаў — таксама бяздомны.

— Хлопцы, мне б таксама працу. Хоць куды. Бараноў пасвіў, коз пасвіў, на цагляным заводзе працаваў — любая праца, — загінае пальцы ён. — Адзінае — мне міліцыя нагу адбіла, трапіў не ў тое месца не ў той час, калі хлопцы са сцягамі гэтымі. Набілі мне ногі моцна. А так я моцны, у руках сіла ёсць. Толькі працы няма.
 

Саша, 69 гадоў: "Выйшаў з турмы — кватэры няма"

— Я вельмі шмат праседзеў, дачушка, паўжыцця. Выйшаў — а ўжо нічога не было, — расказвае бяздомны Саша. Яму 69 гадоў. — Жыў на Ваўпшасава [Дом начнога знаходжання. — Еўрарадыё], дзе бяздомныя жывуць. А там што? Прыходзіш у шэсць гадзін і ў восем гадзін зноў выганяюць, і цэлы дзень ходзіш па вуліцы. Цяпер, калі былі маразы, у сябра начаваў. У яго жонка з'ехала, дык ён мяне пусціў. А летам начую на пасёлку — у мяне там домік.

Пасёлак — гэта прыватная забудова ў мікрараёне Курасоўшчына. А домік — часовае збудаванне, якое засталося з тых часоў, як Сашаў сябар будаваў сабе сапраўдны дом.

— Яны вялікі зрабілі, там і жывуць. Там і ацяпленне, і ўсё ёсць. А ў гэтым доміку нічога няма. Там матрац у мяне, коўдра, падушка. Пакуль маразоў няма — я там сплю. У мяне дзве ватныя коўдры, я накрываюся, не распранаючыся, і сплю.

Аляксандр нарадзіўся ў Мінску.

— Былы Сталінскі раён, цяпер — Ленінскі. Мы там у бараках жылі, якія яшчэ немцы рабілі. Потым пераехалі ў раён велазавода. Потым мама атрымала кватэру ў Серабранцы — я тады яшчэ сядзеў. Калі сыходзіў у турму — яшчэ жылі ў бараку, а выйшаў — прыехаў ужо ў Серабранку.

Першы раз Сашу пасадзілі ў 18 гадоў — за крадзеж. Калі мама памерла, ён зноў сеў у турму. Калі выйшаў, кватэры ўжо не было.

— Цяпер, як Лукашэнка стаў, кватэры не забіраюць, каб бамжоў не было. Ты прыходзіш, табе ёсць дзе жыць. А пры камуністах забіралі. Прысуд уступае ў законную сілу — цябе выганяюць.

Усяго Аляксандр хадзіў у турму пяць разоў, Пяты — за забойства.

— Мне адзінаццаць з паловай асаблівага далі. На Глыбокім [ПК-13 у горадзе Глыбокае. — Еўрарадыё]. Мы там зачыненымі сядзелі, толькі на прагулку нас выводзілі на дзве гадзіны — і зноў у камеру. Трэць тэрміну адбыў — можаш выходзіць у рабочую зону. Можа, табе працу нейкую дадуць. Багатыя людзі могуць не хадзіць, ім пасылкі ідуць і ідуць. А калі ў мяне нікога няма, прыйдзецца ісці. А паўтэрміну адбыў — пераводзяць з асаблівага рэжыму на строгі, аблегчаны. Там ужо можаш па зоне хадзіць куды хочаш. Вось і ўсё. І ўсё маё жыццё.

"Накрываюсь, не раздеваясь, и сплю": как минские бездомные переживают морозы
Бяздомны чалавек у Мінску

Мінчукоў Саша хваліць — кажа, спагадлівыя. Пенсія ў яго — дзвесце пяцьдзясят рублёў, і толькі тры гады грамадзянскага стажу.

— Лукашэнка два разы дадаваў, спачатку 7%, потым — 3%. І стала не дзвесце, а дзвесце пяцьдзясят рублёў. Ралтонаў куплю і ем. А так у бясплатныя сталовыя еду, калі б не сталовая, я не ведаю, як бы жыў. Людзі часам дадуць супу якога, грошай на хлеб, рублікі два. А сябры... толку ад іх. Могуць толькі ўкрасці. Раней было хоць нейкае прытрымліванне, павага.

Саша рос адзіным дзіцем у сям'і. Брацік памёр яшчэ зусім маленькім.

— Мы з двайнят. Нам было тры ці чатыры месяцы, калі бацька прыйшоў п'яны і штурхнуў калыску. Штурхнуў, і мы ўпалі ў склеп на бульбу. Мама бульбу брала. Ён праз тыдзень памёр, я застаўся жывы. Лепш бы ён.
 

Міхаіл, 74 гады: "Дзе я толькі не быў. І дзе яшчэ буду"

— Усё было і сплыло. Дэталі — няважна. Я ні на што не крыўджуся, я задаволены. Мяне неба ведае, і больш я нічога не хачу. Зямля — гэта часова.

На вуліцу Міхаіл трапіў у сорак гадоў. Часам жыве "на кватэры", часам — у прытулку.

— Куды вецер дзьме, туды і іду.

Калісьці ў Міхаіла была кватэра, але пра тое, як страціў яе, ён успамінаць не хоча. А пра тое, што ходзіць у царкву, расказвае з задавальненнем. Упершыню прыйшоў у 90-х.

— Зайшоў у адну, у другую. Каторая мне сустракаецца, у тую і заходжу.

На некалькі самых халодных студзеньскіх дзён Міхаіла прытуліў знаёмы.

— Бывае, з'язджаю ў цэнтр у Баранавічы: там ёсць такі цэнтр, дзе паўгода пражыць можна. Быў і на Ваўпшасава — прыехаў, паглядзеў. Дзе я толькі не быў. І дзе яшчэ буду.

Пенсію Міхаіл атрымлівае. Кажа, для таго і працаваў — "працаваў да апошняга, ведаў, што потым як знойдзеш".

Спярша Міхаіл працаваў газаўшчыком, потым — манціроўшчыкам сцэны ў канцэртнай зале, а апошняе яго месца працы — дворнік.

— Жыццё непрадказальнае. Але мне падабаецца. Мне спадабалася, калі разгарнуў Біблію. Мне мама гаварыла пра Бога, але мы тады не разумелі гэтага. А потым прыняў хрышчэнне. Я б ужо даўно хацеў адысці, але Бог сказаў — не час.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі