Naka напісала "сваю" "Малітву" на верш Янкі Купалы

У Дзень нараджэння Янкі Купалы гурт Naka прадстаўляе песню "Малітва" на верш Янкі Купалы. Трэкам каманда анансуе новы цалкам беларускамоўны альбом, які будзе называцца "Мая малітва" і выйдзе напрыканцы восені. Па словах лідаркі гурта Анастасіі Шпакоўскай, кружэлка ствараецца пад уражаннем ад вайны. 

"Амаль кожная песня прасякнутая паветрам несправядлівасці таго, што робіцца і роздумам наконт таго, што ўсё ж адбываецца з намі, калі не мае меры цынічнасць і страты не паддаюцца падліку. Менавіта гэтыя пачуцці дапамаглі сфармаваць гучанне песні і паўплывалі на яе эмацыйны пасыл",кажа спявачка ў інтэрв'ю парталу Tuzin.fm.

Нагадаем, песня "Малітва" на верш Янкі Купалы кампазітара Алега Моўчана стала прычынай судовага працэсу: год таму гурт Naka узяўся рабіць кавер вядомай песняроўскай песні для праекта Re:Песняры, не атрымаўшы на гэта дазволу Моўчана. У выніку музыкі гурта былі прызнаныя вінаватымі ў парушэнні аўтарскага права і мусілі выплаціць кампазітару 15 мільёнаў кампенсацыі.

Naka выплаціць аўтару песняроўскай “Малітвы” 15 мільёнаў рублёў