Вы тут

Надта павольная вакцынацыя? Штодзень у Беларусі прышчапляюць 0,58% насельніцтва

Вакцынацыя / The New York Times

Вакцынацыя ад каранавіруса пачалася ў Беларусі яшчэ ў снежні 2020-га, але з тых часоў яна ідзе досыць павольна, калі параўноўваць з іншымі краінамі. Паводле апошніх звестак, у свеце вакцынавана ўжо 26,8% насельніцтва — гэта з улікам бедных краін, дзе вакцынацыі фактычна няма.

Апошні раз Мінздароўя Беларусі даваў справаздачу пра колькасць вакцынаваных 21 ліпеня. Тады звесткі былі наступныя: 1,28 мільёна атрымалі першую дозу вакцыны, з іх больш за 807 тысяч прайшлі поўны курс.

Паколькі вакцынуюць толькі дарослае насельніцтва, лічыць будзем ад паказчыка 6,9 мільёна чалавек (прынамсі, менавіта столькі выбаршчыкаў было на выбарах-2020). Тады атрымліваецца, што як мінімум першую дозу вакцыны атрымалі 18,54% дарослага насельніцтва, а прайшлі поўны курс 11,69%.

Параўнаем з іншымі краінамі: напрыклад, у Перу прышчэпленыя 20,85% насельніцтва, у Расіі — 22,95%.

Калі глядзець на лідараў па тэмпах вакцынацыі, то ў Канадзе як мінімум адну дозу вакцыны атрымалі ўжо 70,5% насельніцтва, у Вялікабрытаніі — 68,3%, а ў Іспаніі — 64%.

У суседзяў справы ідуць так: у Латвіі — 39%, у Літве — 48,7%, Украіне — 6,5%, Польшчы — 47,3%.

Тэмпы вакцынацыі, калі давяраць звесткам Мінздароўя, складаюць апошнім часам 40 тысяч чалавек у дзень. Калі яны застануцца такія самыя, на вакцынацыю хоць бы 50% насельніцтва спатрэбіцца яшчэ больш за два месяцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.