Начныя выбухі ў Кіеве, Харкаве, Адэсе, абясточаная ЗАЭС — 379-я раніца вайны

Запарожская АЭС ужо неаднаразова пакутавала ад абстрэлаў / @energoatom_ua
Запарожская АЭС ужо неаднаразова пакутавала ад абстрэлаў / @energoatom_ua

У ноч на чацвер ва Украіне была абвешчаная маштабная паветраная трывога. У шэрагу рэгіёнаў прагрымелі выбухі. Так, па Харкаўскай вобласці расіяне нанеслі каля 15 удараў. Пра гэта пад раніцу паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў. Мэтай былі аб'екты крытычнай інфраструктуры. Але ёсць, па словах Сінягубава, трапленне і ў жылы дом. Інфармацыя аб пацярпелых і маштабах разбурэнняў ўдакладняецца, аднак ужо вядома, што ў некаторых раёнах Харкава з'явіліся праблемы са святлом.

Трапленне ракет у аб'ект энергетычнай інфраструктуры ёсць у Адэскай вобласці, у горадзе праблемы з электразабеспячэннем, паведаміў кіраўнік мясцовай ваеннай адміністрацыі Максім Марчанка. Пашкоджаныя і жылыя дамы. Пацярпелых папярэдне няма.

Выбухі раніцай грымелі і ў Кіеве. Мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко напісаў у Telegram, што "праз ракетную атаку энэргетыкі ўжылі тэхналагічныя экстранныя адключэнні энэргазабеспячэння". Без святла апынуліся каля 15% спажыўцоў.

Аб выбухах гэтай ноччу паведамлялі таксама карыстальнікі сацсетак з Вінніцкай, Івана-Франкоўскай, Жытомірскай, Хмяльніцкай, Сумскай, Цярнопальскай, Львоўскай, Кіраваградскай, Ровенскай абласцей, а таксама Дняпра, Мікалаева і Запарожжа, піша Hromadske.

У Запарожжы ракетныя ўдары прывялі да поўнага абясточвання Запарожскай АЭС, паведамілі ва ўкраінскім "Энергаатаме". Там таксама адзначылі, што, калі на працягу 10 сутак не аднавіць знешняе сілкаванне, можа адбыцца аварыя з радыяцыйнымі наступствамі для ўсяго свету.

Ночные взрывы в Киеве, Харькове, Одессе, обесточена ЗАЭС —  379-е утро войны
Запарожская АЭС абясточаная ў шосты раз за вайну / @zaes_energoatom

Украінскія энэргетыкі раніцай таксама паведамілі, што вымушаныя ўжыць экстранныя адключэнні святла ў Кіеве, Кіеўскай, Днепрапятроўскай, Данецкай і Адэскай абласцях. "Гэта вымушаны прэвентыўны крок, які дазволіць пазбегнуць значных пашкоджанняў энэргетычнай інфраструктуры, калі варожыя ракеты дасягнуць мэты", — гаворыцца ў паведамленні кампаніі. Напярэдадні вечарам — да гэтага абстрэлу — у кампаніі казалі, што ў энергасістэме цяпер няма дэфіцыту. Для Кіева, Кіеўскай, Днепрапятроўскай і Адэскай абласцей нават не даводзілі ліміты спажывання.

З-за масіраванага абстрэлу паўстала затрымка руху і на чыгунцы. Абясточаныя шэраг участкаў, затрымліваюцца 15 цягнікоў, паведамілі раніцай у "Укрзалізніцы". Усе вакзалы працуюць на высадку-пасадку праз падземныя пераходы, а "пункты нязломнасці" з рэзервовым сілкаванне гатовыя прымаць гасцей увесь дзень, адзначылі ў кампаніі.

Ночные взрывы в Киеве, Харькове, Одессе, обесточена ЗАЭС —  379-е утро войны
Канал беларускіх сілавікоў піша, што у Кіеве гарыць ЦЭЦ / @belarusian_silovik

На фронце без пераменаў. Расіяне "сканцэнтраваныя на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім кірунках", гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. На гэтых кірунках украінскія вайскоўцы адбілі за суткі больш за 110 нападаў. Паводле інфармацыі ўкраінскіх вайскоўцаў, УС РФ практычна выдаткавалі ўвесь запас артылерыйскіх боепрыпасаў, размешчаных на складах у цэнтральнай частцы Расіі. Зараз на фронт вязуць снарады з іншых рэгіёнаў. Гэта значна павялічвае тэрміны дастаўкі. Акрамя таго, боепрыпасы з новых партый часта знаходзяцца ў
нездавальняючым стане "з-за неналежнага захоўвання".

"Амаль 50% з іх маюць бачныя прыкметы пашкоджання іржой. Ва ўмовах інтэнсіўных баёў і нездавальняючага стану боепрыпасаў у бліжэйшыя 2-3 месяцы чакаецца іх недахоп у артылерыйскіх падраздзяленнях расійскай арміі", — кажуць ва ўкраінскім Генштабе.

Расійская крыніца "Рыбар" піша, што ўкраінскія вайскоўцы канцэнтруюць сілы для магчымага наступу на Купянскім участку і контратакуюць у раёне трасы пад Бахмутам, каб захаваць наземны калідор з горада. У самім Бахмуце, па словах "Рыбара", ПВК "Вагнер" абвясціла аб усталяванні поўнага кантролю над усходняй часткай горада.

Ночные взрывы в Киеве, Харькове, Одессе, обесточена ЗАЭС —  379-е утро войны
Карта баёў у Данецкай вобласці / understandingwar.org

Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў услед за Офісам украінскага прэзідэнта адхіліў дачыненне Украіны да падрываў на газаправодах "Паўночны паток". Учора Рэзнікаў быў у Стакгольме, дзе ўдзельнічаў у нефармальнай сустрэчы міністраў абароны краін-членаў ЕС. Перад яе пачаткам ён сказаў журналістам, што падрывы не маюць дачынення да Украіны, а таксама заклікаў дачакацца афіцыйнага расследавання.

"Для мяне гэта крыху дзіўная гісторыя. Гэта не мае да нас дачынення. Думаю, расследаванне афіцыйных органаў высветліць усе падрабязнасці. Гэта камплімент для нашых сіл спецыяльнага прызначэння, але гэта не наша дзейнасць", — сказаў Рэзнікаў. Яго словы прыводзіць "Укрінформ".

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг і высокі прадстаўнік ЕС Жазэп Барэль таксама перасцераглі ад спекуляцый адносна выбуху на трубаправодах і заклікалі дачакацца вынікаў расследавання. Нагадаем, на днях выданне The New York Times са спасылкай на "звесткі выведкі, правераныя афіцыйнымі асобамі ЗША", паведаміла, што атаку на газаправоды "Паўночны паток" летась ажыццявіла пэўная "праўкраінская група" — дыверсанты, якія з'яўляюцца грамадзянамі Украіны ці Расіі, ці нейкай камбінацыяй абедзвюх краін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі