Вы тут

“Начныя ваўкі” трапілі ў Польшчу праз Брэст

Фота з архіву

Група расійскіх байкераў з мотаклуба “Начныя ваўкі” трапіла ў Польшчу праз пункт пропуску “Брэст”. Аднак лідар клуба Аляксандр “Хірург” Залдастанаў кажа, што асноўная калона практычна не мае шансаў трапіць ЕС.

Як піша TUT.by, у нядзелю, 30 красавіка “Начныя ваўкі” сустрэліся з журналістамі ў будынку Генеральнага консульства Расіі ў Брэсце. Падчас гэтай прэс-канферэнцыі Залдастанаў адзначыў, што галоўная мэта акцыі — не перасекчы мяжу Еўрасаюза, а наведаць магілы савецкіх воінаў, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны.

Пасля прэс-канферэнцыі “Начныя ваўкі” ўсклалі кветкі да Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці, а затым рушылі калонай на мяжу.

Гэта ўжо трэцяя спроба прадстаўнікоў адыёзнага байкерскага клуба трапіць у ЕС праз беларуска-польскую мяжу ў рамках прабегу “Дарогі перамогі. На Берлін”. У папярэднія два гады польскія памежнікі не прапускалі “ваўкоў”. Тым не менш асобныя групы ўдзельнікаў акцыі праходзілі мяжу ў іншыя пунктах пропуску і траплялі ў Берлін.

Аляксандр Залдастанаў вядомы сваёй падтрымкай палітыкі Уладзіміра Пуціна і антызаходнімі выказваннямі.

Апроч байкераў, з Расіі ў Беларусь раней прыязджалі і конныя казакі, якія хацелі здзейсніць паход да Берліна, але іх таксама заварочвалі на мяжы.