Начная атака расіян, адна з ракет трапіла ў шматпавярховік — 429-я раніца вайны

Пашкоджаная дзевяціпавярхоўка ва Умані / t.me/hromadske_ua/
Пашкоджаная дзевяціпавярхоўка ва Умані / t.me/hromadske_ua/

Гэтай раніцай расіяне атакавалі Украіну з самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-95, ракеты ляцелі з раёна Каспійскага мора. Украінскія СПА змаглі знішчыць 21 з 23 крылатых ракет, а таксама два беспілотнікі аператыўна-тактычнага ўзроўню. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні супрацьпаветраных сіл Украіны.

Але ёсць і трапленні. У Умані (гэта Чаркаская вобласць) ракета трапіла ў дзевяціпавярховы дом. На гэты момант вядома пра 14 загінулых. Лічбу агучыў міністр ўнутраных спраў Украіны Ігар Кліменка. Пад'езд у доме практычна знішчаны, таксама распавёў раніцай Кліменка. З 46 кватэр 27 цалкам знішчаны. У гэтым пад'ездзе, паводле папярэдніх звестак пражывалі 109 чалавек.

Яшчэ два мірных жыхара ў выніку гэта ракетнага абстрэлу загінулі ў Дняпры. Гэта маладая жанчына і трохгадовае дзіця, распавядае гарадскі галава Барыс Філатаў.

Гукі выбухаў гэтай раніцай чулі і ў Кіеве. Крыху пазней Кіеўская гарадская ваенная адміністрацыя паведаміла, што ў горадзе працуе супрацьпаветраная абарона. СПА спрацавала ў вобласці. Ахвяр няма, але ў выніку падзення абломкаў у Абалонскім раёне ўкраінскай сталіцы былі пашкоджаныя лакальная лінія электрасетак і дарожнае пакрыццё. Паветраная трывога працягвалася ва ўсіх абласцях Украіны да 6 раніцы. У сеціве таксама паведамлялі пра выбухі ў Мікалаеве і Крэменчугу, піша Hromadske.

Ночная атака россиян, в Умани ракета попала в девятиэтажку —  429-е утро войны
Украінскія СПА змаглі знішчыць 21 з 23 крылатых ракет, якія гэтай ноччу запусціла Расія , але ёсць і трапленні / Нацыянальная паліцыя Украіны

У Інстытуце вывучэння вайны (ISW) адзначаюць, што расійскія войскі выкарыстоўваюць новую тактыку, каб ускладніць здольнасць украінскай СПА выяўляць расійскія ракеты. Учора, 27 красавіка, расійскія войскі нанеслі чатыры ракетныя ўдары "Калібр" па горадзе Мікалаеў. Калі яны накіроўвалі гэтыя ракеты, выкарыстоўвалі розныя асаблівасці мясцовасці, розныя вышыні запуску і множныя змены траекторыі.

У справаздачы ISW таксама прыводзяцца ацэнкі заходніх афіцыйных асоб з нагоды здольнасці Украіны правесці паспяховае контрнаступленне. На думку генеральнага сакратара NATO Енса Столтэнберга, украінскія сілы знаходзяцца ў "моцнай" пазіцыі для вяртання захопленай тэрыторыі. Тым больш што NATO падрыхтавала і абсталявала больш за дзевяць новых украінскіх брыгад. Акрамя таго, Альянс і яго партнёры паставілі Украіне больш за 98% абяцаных баявых машын, у агульнай складанасці гэта больш за 1550 адзінак бронетэхнікі, 230 танкаў і іншага неадзначаныя абсталявання.

На фронце расіяне па-ранейшаму спрабуюць наступаць на трох кірунках: Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім. За суткі на гэтых участках фронту яны здзейснілі больш за 65 нападаў, "аднак усе яны былі адбітыя падраздзяленнямі сіл абароны" Украіны, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут і Мар'інка.

Ночная атака россиян, в Умани ракета попала в девятиэтажку —  429-е утро войны
Карта баёў у Харкаўскай і Данецкай абласцях / understandingwar.org

Малдова далучылася да краін, якія падтрымліваюць стварэнне спецтрыбуналу супраць Расіі за злачынствы ва Украіне. Такіх дзяржаў ужо 35. Пра гэта распавёў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба па выніках сустрэчы з малдаўскім калегам Ніку Папеску.

Таксама Кулеба распавёў, што абмеркаваў з Папеску крокі для пачатку перамоваў аб уступленні ў ЕС у 2023 годзе. Кіраўнік МЗС Украіны наведаў Кішынёў 27 красавіка. У сталіцы Малдовы ён сустрэўся з прэзідэнтам Маяй Санду і прэм'ер-міністрам Дорынам Рэчанам.

А прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін учора падпісаў указ аб магчымай дэпартацыі жыхароў акупаваных тэрыторый, якія адмовіліся ад грамадзянства РФ і "ствараюць пагрозу яе нацыянальнай бяспецы". Указ тычыцца жыхароў часова акупаваных Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей, якія не жадаюць атрымліваць расійскае грамадзянства. Гэты ўказ таксама распаўсюджваецца на жыхароў гэтых тэрыторый, якія выехалі ў РФ, але хочуць захаваць украінскае грамадзянства. Згодна з указам, гэтыя людзі будуць лічыцца ў Расіі замежнікамі, і іх могуць дэпартаваць з краіны, калі яны "будуць ствараць пагрозу яе нацыянальнай бяспецы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі