Нацбанк зноў зніжае стаўку рэфінансавання — да 14% гадавых

 Нацбанк зноў зніжае стаўку рэфінансавання — да 14% гадавых

Праўленне Нацбанка вырашыла з 19 красавіка знізіць стаўку рэфінансавання — з 15% да 14% гадавых, паведамляецца на сайце ўстановы. Акрамя таго, знізяцца стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях па падтрымцы бягучай ліквіднасці банкаў — з 18% да 17% гадавых і стаўкі па пастаянна даступных аперацыях выключэння ліквіднасці — з 10% да 9% гадавых.

У Нацбанку адзначаюць, што інфляцыя ў Беларусі зніжаецца хутчэйшымі тэмпамі, чым прагназавалася. Гэта абумоўлена аслабленнем інфляцыйнага ціску з боку фундаментальных і манетарных фактараў. Прырост спажывецкіх коштаў і паказчыкі базавай і трэндавай інфляцыі ў сакавіку 2017 года і ў бліжэйшыя месяцы чакаюцца на ўзроўні менш за 7% у гадавым выяўленні.

Паводле ацэнкі, сярэдняя шырокая грашовая маса ў сакавіку 2017 года ў адносінах да сакавіка 2016-га павялічыцца на 2,6% (без уліку змены рублёвага эквіваленту валютнага складніка грашовай масы). Пры гэтым у структуры грашовай масы паступова павялічваецца доля нацыянальнай валюты.

Нацбанк адзначае, што на ўнутраным валютным рынку па-ранейшаму больш прадаюць замежную валюту. Гэта дазваляе Нацбанку купляць валюту для папаўнення золатавалютных рэзерваў ва ўмовах пагашэння дзяржаўных валютных абавязацельстваў.

Нацбанк не выключае, што сёлета адсоткавыя стаўкі працягнуць зніжацца.

Як адзначаў у каментары Еўрарадыё старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб, Нацбанк будзе зніжаць стаўку пры некалькіх умовах:

— толькі пры зніжэнні інфляцыі;

— пакуль ідзе прыток рублёвых дэпазітаў. Бо зніжэнне стаўкі рэфінансавання вядзе да зніжэння ставак па дэпазітах; 

— пакуль умацоўваецца рубель. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі