Нацбанк пяты год знаходзіцца ў складанай фінансавай сітуацыі і не мае прыбытку

Нацбанк пяты год знаходзіцца ў складанай фінансавай сітуацыі і не мае прыбытку

Апошнія пяць гадоў Нацбанк Беларусі не атрымліваў ніякага прыбытку і ўвогуле знаходзіцца ў цяжкім фінансавым становішчы. Такую заяву зрабіў 2 кастрычніка першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Тарас Надольны падчас выступу ў Палаце прадстаўнікоў.

Надольны: “Дастаткова складанае фінансавае становішча Нацыянальнага банку, якое характарызуецца наяўнасцю стратаў. Адсутнічаюць крыніцы для папаўнення  сродкаў Агенцтва па гарантаваным вяртанні ўкладаў. І цягам апошніх пяці гадоў Нацыянальны банк не меў прыбытку, які б накіроўваўся ў рэзерв гэтага Агенцтва. Уся прычына ў тым, што з 2008 па 2012 год Нацбанк актыўна браў удзел у механізмах падтрымання курса беларускага рубля да замежных валют, згладжваў ваганні. Адпаведна ― дастаткова вялікі аб’ём абавязацельстваў прыцягваў на свой баланс. Фарміраваў рэзервы за кошт знешняга прыцягнення, бо ўнутраных рэзерваў не было, а курс падтрымліваць трэба было ў адпаведнасці з задачамі, якія ставіліся зверху”.

У выніку, кажа Надольны, у 2012 годзе знешнія і ўнутраныя абавязальніцтвы Нацбанка дасягнулі 6,6 мільярдаў долараў. На сёння яны складаюць 2 мільярды долараў. Тым не менш, кажа першы намеснік старшыні Нацбанка, і за першае паўгоддзе 2017 года іх банк не мае ніякага прыбытку ― усе атрыманыя грошы ідуць на абслугоўванне даўгоў і іншыя патрэбы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі