На вёсцы у трох школах чакаюць аднаго настаўніка фізікі і матэматыкі

Пасля ўступнай кампаніі ў ВНУ стала зразумела: універы недабралі будучых настаўнікаў матэматыкі і фізікі. А ці хапае іх зараз, спрабуе высветліць Еўрарадыё.

“На крайні выпадак запрашаем на працу пенсіянераў. Мала спецыялістаў, нават у горадзе не хапае, не кажучы пра раён. Настаўнікі матэматыкі, хіміі, геаграфіі. Прафесія стала непапулярная”, — скардзяцца ў Гарохаўскім дзіцячым садку — школе вёскі Гарохава, Бабруйскага раёну.

Настаўніка матэматыкі і фізікі тут шукаюць з траўня. І нават заяўкі на маладых выпускнікоў ВНУ не дапамагаюць, бо на аднаго спецыяліста — адразу тры школы.

“Сёлета мы чакаем маладых спецыялістаў, але сёння на раёне такія настаўнікі патрэбныя ў трох школах. Таму шукаем праз абвесткі, праз цэнтр занятасці. У нас быў настаўнік, але ён ужо глыбокі пенсіянер быў, сышоў”, — тлумачаць Еўрарадыё у гарохаўскай школе.

Мінская школа №10 шукае адразу настаўніка кітайскай, англійскай і іспанскай моў, а таксама настаўнікаў матэматыкі, гісторыі і двух сацыяльных педагогаў. Але дэфіцыту няма, папярэджваюць у школе.

“Вострай праблемы няма. Кандыдаты ёсць, але мы абіраем. Вакансіі гэтыя вольныя з канца мінулага году. А педагогі сышлі, яны ўжо не маладыя былі”, — тлумачаць у школе.

Каб настаўнік заставаўся працаваць, трэба даваць яму кватэру, канстатуюць у нараўлянскай школе Мінскага раёну. Тут ужо знайшлі спецыяліста на вольную вакансію. Відаць, паабяцалі жытло.

“У нас добра было, калі два гады таму атрымоўвалі кватэры, і хто атрымаў, тыя засталіся. А сёлета дзяўчынка адпрацавала два гады і… з’ехала”, — шкадуюць у нараўлянскай школе.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Віцебску — Наталля — звольнілася са школы год таму. Перад гэтым аддаўшы гэтай працы 15 гадоў жыцця.

“Тады проста падвярнулася вандроўка валанцёрская за мяжу, таму я сышла. Там былі перспектывы. Пасля я працавала ў камерцыі. А зараз не супраць вярнуцца, але вакансій не так шмат”, — кажа Наталля.

А вось выкладчыца нямецкай мовы Наста, якая адпрацавала два гады па размеркаванні у Валожынскім раёне, у школу ўжо не збіраецца. Цяпер працуе ў рэстаранным бізнесе, адміністратарам.

“Я ж была ў правінцыі, у вёсцы. Там ніякіх перспектыў не было, рабіць не было чаго, няма куды схадзіць. Гэтага не хапала. А так па заробку было нармальна”, — адказвае былая настаўніца.

Нагадаем, Міністэрства адукацыі цяпер павялічвае гадзіны, якія настаўнік мусіць адпрацаваць на заробак. З 18 гадзінаў на тыдзень да 20. Пры гэтым пра падвышэнне заробкаў пакуль нічога не кажуць. Паводле Белстату, сярэдні заробак настаўнікаў за травень складае 3 мільёны 486 тысяч рублёў.

Фота: vazno.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі