На вуліцы Кісялёва спадарожнікавыя талеркі усталяваныя законна

Еўрарадыё знайшло ў Мінску легальна ўсталяваную “талерку”. Яе легалізавалі без праектных дакументаў, а наўпрост узгаднілі з галоўным архітэктарам раёна і ЖЭСам. У той жа час архітэктары іншых раёнаў сцвярджаюць, што гэтак законна ўсталяваць талерку немагчыма. Пра тое, што ў Мінску на вуліцы Кісялева і Гая ўжо ёсць тры зарэгістраваныя спадарожнікавыя антэны, нам нечакана паведамілі ў сталічным ЖЭСе № 38. Талеркі ўзаконілі зусім нядаўна – 1-га кастрычніка. Уладальніца антэны Ларыса Шанціла нас яшчэ больш здзівіла, сказаўшы, быццам легалізаваць антэну ёй было зусім не складана.

Ларыса Шанціла: “Проста трэба пайсці да архітэктара Цэнтральнага раёна, узгадніць з ім, потым у ЖЭС — і ўсё”.

Дзіўны адказ, бо як жа тады праектная дакументацыя, якую так складана зрабіць, тэхнічнае апісанне і ўсё астатняе? На гэта Ларыса распавяла нам, што іх антэна вісела раней на фасадзе дома, а цяпер яны перавешваюць яе на дах. Маўляў, каб усталяваць “талерку” на дах, дакументацыі патрэбна значна менш.

Ларыса Шанціла: “Гэта ўсё трэба, напэўна, калі вы хочаце ўсталяваць “талерку” на фасадзе. Мы ж перавешваем яе на дах, яна не будзе кідацца ў вочы, і дастаткова дазволу архітэктара раёна, які мы і здабылі. Цяпер мы чакаем машыну (нам ЖЭС паабяцаў, што скажа, калі будзе машына), і проста перанясем антэну”.

Нагадаем, Савет Міністраў афіцыйна адказаў, што ніякіх дадатковых дакументаў па спадарожнікавых антэнах прымаць не трэба. Датэлефанавацца да архітэктара Цэнтральнага раёна, у якога Ларыса атрымала дазвол на ўсталяванне антэны, у нас не атрымалася.

Тым часам, галоўны архітэктар Кастрычніцкага раёна Алена Сухадолава кажа, што праектнае рашэнне патрэбнае абавязкова, нават калі антэну збіраюцца ўсталяваць на даху.

Алена Сухадолава: “Усталяванне інжынернага абсталявання – гэта ўсё роўна від мадэрнізацыі. І таму ў Мінгарвыканкам вам трэба абавязкова. Праектнае рашэнне – абавязкова. Калі ўсталёўваеце на даху – таксама патрэбна”.

Па словах архітэктара, сярод іншага пры ўсталяванні талеркі ўлічваецца фірма, якая стварыла антэну, параметры тэлевізійнага прыёму і нават частоты каналаў. Ці значыць гэта, што некаторыя “талеркі”, якія наладжаны на пэўныя спадарожнікі і паказваюць пэўныя каналы, могуць “не прапусціць”? На пытанне Еўрарадыё Алена Сухадолава адказала – “так”.

Начальнік упраўлення добраўпарадкавання і гарадскога дызайну Камітэта архітэктуры Мінгарвыканкаму Аляксандр Андрончык кажа, што вырашаць пытанне спадарожнікавых антэн трэба глабальна. Тым часам у райцэнтрах усталяваць талерку прасцей, чым у сталіцы.

Як даведалася Еўрарадыё, у Буда-Кашалёве прынята палажэнне “Аб парадку ўсталявання спадарожнікавых антэн”. Па словах начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Буда-Кашалёўскага райвыканкаму Пятра Стругальскага, працэдура займае ўсяго адзін дзень:

Пётр Стругальскі: “З архітэктарам і з камунальнікам трэба ўзгадніць, і ўсё. Гэта можна паспець зрабіць за адзін дзень, у нас тут усё блізка. У нас не так шмат гэтых антэн, канешне, як у Мінску”.

Чыноўнік кажа, што яшчэ ніводнаму жыхару Буда-Кашалёва не адмовілі ў жаданні ўсталяваць спадарожнікавую талерку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі