На Вайсковых могілках рамонт будынка, і будматэрыялы складваюць на магілы (фота)

На Вайсковых могілках рамонт будынка, і будматэрыялы складваюць на магілы (фота)

Жыхары дамоў побач з Вайсковымі могілкамі ў Мінску заўважылі, што горы будаўнічых матэрыялаў ляжаць ледзь не на магілах. Рабочыя, быццам мурашы, ходзяць туды-сюды па старых магілах, вытоптваючы сцяжынкі.

У адміністрацыі Вайсковых могілак тлумачыць, што праводзіцца рамонт хрысцільні, якая стаіць побач з царквой, у атачэнні старых пахаванняў. Па словах намесніка дырэктара Ірыны Тушынскай, смецце не затрымліваецца на могілках і аператыўна вывозіцца:

"Увесь гэты друз збіраецца і штодня вывозіцца. Смецця шмат, таму што рамонт ідзе як унутры, так і звонку хрысцільнай. Пасля рамонту ўсё будзе акультурана і прыведзена ў парадак".

На некаторых магілах вісяць аб'явы пра тое, што іх трэба давесці да ладу, інакш "надмагільныя збудаванні будуць дэмантаваныя і ўтылізаваныя".

Ірына Тушынская ўпэўнівае, што гэтыя могілкі не знікнуць: "Калі ніхто гэтыя пахаванні не прыбярэ, не акультурыць, то дзяржава дэмантуе старыя крыжы і агароджы і ўсталюе адзіны дзяржаўны знак – надгалоўнік, як на воінскіх пахаваннях, якія можна ўбачыць у іншай частцы вайсковых могілак. Там дзе ёсць прозвішча – яно будзе нанесена, а калі магіла безназоўная, то яна такой і будзе пакінутая".

Вайсковыя могілкі ў Мінску зʼяўляюцца, нароўні з Кальварыйскімі могілкамі, адным з самых старых некропаляў у межах горада, дзе свой апошні спачын знаходзілі шматлікія выбітныя людзі Беларусі. Царква на тэрыторыі могілак пабудаваная напрыканцы XIX стагоддзя ў псеўдарускім стылі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі