На УНС дэлегатка галасавала супраць, але рашэнне аказалася аднагалосным

Дэлегаты на Усебеларускім народным сходзе
Дэлегаты на Усебеларускім народным сходзе

Усебеларускі народны сход скончыўся, але ці ва ўсіх атрымалася выказаць сваё меркаванне? Пра тое, як гэта было, Еўрарадыё распавяла дэлегатка Усебеларускага народнага сходу — дэпутатка Мінгарсавета Вольга Цесакова.

 

"Прыбіў да зямлі"

Суразмоўца адзначае, што меркаванне людзей нікога не цікавіла, ніякіх абмеркаванняў не было.

На ВНС делегат голосовала против, но решение оказалось единогласным

— Гэты сход у чарговы раз усіх нас прыбіў да зямлі. Я верыла да апошняга, што дадуць выказацца. Можа, таму што Канапацкая сказала. І мяне гэта крыху падбадзёрыла.

У мяне склалася адчуванне, што я на вяселлі, дзе куча сваякоў і пачынаецца: "Шчасця, здароўя, а як сям'я, дзеці і ўвогуле дзякуй, што ўсе мы тут сёння сабраліся". А з якой нагоды, уласна, і забыліся.

Барсукову на Акрэсціна не гаварылі пра збіццё

Побач з Вольгай Цесаковай на УНС сядзеў памочнік Лукашэнкі па Мінску і былы намеснік кіраўніка МУС Аляксандр Барсукоў

— Мы павінны былі сядзець выключна на сваіх месцах. І ён быў вымушаны паўтара дня слухаць мае з'едлівыя каментары пра выступоўцаў і праграму. 

У асабістай гутарцы з Барсуковым дэпутатка ўспомніла аб тым, што той адмаўляў гвалт на Акрэсціна пасля выбараў. Хоць прыязджаў туды асабіста.

— Я так зразумела, што быў запіс яго візіту і яму на самой справе людзі пры прамым пытанні сказалі, што іх не білі. Прынамсі, гэта тое, што я ведаю з яго слоў. Было б цікава ўбачыць гэты запіс. Мне здаецца, гэта правільна, калі ён існуе, яго апублікаваць, каб знізіць градус сацыяльнай напружанасці. Таму што, калі гэта сапраўды не хлусня, то чаго гэтага саромецца?

 

Ні голасу, ні слова

Выступіць у Вольгі Цесаковай так і не атрымалася. Дэлегатка разлічвала падняць тры пытанні. Першае — чаму няма падрабязнай справаздачы Мінэканомікі аб тым, па якіх прычынах не выкананая праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на мінулую пяцігодку.

— Другое пытанне — па змяненні ў Канстытуцыю. Калі ўсё так добра, калі людзі, якія сядзяць там [ва ўладзе. — Еўрарадыё], уяўляюць сабой сілу, за імі праўда, то чаго ім баяцца? Я хацела прапанаваць правесці новыя выбары сумленна і адкрыта з дзеючай Канстытуцыяй.

Трэці не агучаны тэзіс тычыцца вызвалення палітвязняў. Акрамя таго, па некаторых пытаннях Вольга Цесакова галасавала супраць, але аказалася, што рашэнні па іх на УНС прынятыя аднагалосна. 

Хоць не ўсе жадаючыя выказаліся, затое ўсе даведаліся парадак дня арганізатараў.

— Прарасійскі парадак дня. Досыць выразны, зразумелы. Кітай нам сёння махаў рукой. Пазначылі, па факце, галоўных саюзнікаў. Я так разумею, гэта тыя краіны, ад якіх мы чакаем крэдытаў. 

Пры ўсім гэтым было неаднаразова падкрэслена, што ў Беларусі будзе свой асаблівы шлях. Гаварылася як лозунг кожныя дзве гадзіны, што суверэнітэт і незалежнасць — гэта тыя два фактары, на якія ніхто не можа паквапіцца.

Полная версия беседы с Ольгой Тесаковой / Еврорадио

Улада не бачыць прававога дэфолту

— Выступала намесніца старшыні Канстытуцыйнага суда. І было падкрэслена, што ў нас выконваюцца Канстытуцыя, вяршэнства правоў чалавека і мы гэта будзем толькі ўмацоўваць. Там быў намёк: якія б законы ні напісалі, усё роўна будзе не так усё гладка. Гэта значыць пераклалі ўсё на людзей: "Мы ідзём вам насустрач, стараемся, а вы паводзіце сябе дрэнна, таму вы маеце тое, што маеце".

Дэпутатка падкрэслівае, што ўсіх, хто мог захапіцца ружовымі марамі пра будучыню, у чарговы паставілі на месца. 

— У любой прапагандзе важна не перагнуць палку. А там была жорсткая канцэнтраваная прапаганда. Што мяне збянтэжыла — мабыць, тэкст некаторым выступоўцам пісаў адзін і той жа чалавек. Калі ты чуеш аднатыпныя фармулёўкі, гэта нават выклікае агрэсію. У вас жа быў час, дадайце крэатыву, пачытайце слоўнік, — рэзюмуе Вольга Цесакова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі