Вы тут

На судзе па "карагоднай справе" падсудныя ўчынілі пратэст, каб пусцілі СМІ

Вулічная акцыя ў Брэсце / Следчы камітэт

15 красавіка ў Брэсце пачаўся трэці суд па "карагоднай справе". Перад судом — група з 14 чалавек.

Як піша TUT.by, дзесяць абвінавачаных маюць вышэйшую адукацыю, два — студэнты ВНУ і два— з сярэдняй адукацыяй. У групе — маці чатырох дзяцей, лекар траўматолаг-артапед, бухгалтары, інжынеры, прадпрымальнік, рабочыя.

На пачатку пасяджэння 11 абвінавачаных адмовіліся сядаць. Яны запатрабавалі пусціць у залу ўсіх ахвочых і прэсу: спярша з прадстаўнікоў са СМІ пусцілі толькі "Народную Волю" і тэлерадыёкампанію "Брэст", не змаглі трапіць журналісты БелаПАН і "Брестской газеты".

Гэтыя 11 чалавек выказалі адвод суддзі і некалькі разоў патрабавалі забяспечыць галоснасць працэсу. Пасля некалькіх перапынкаў у залу ўсё-ткі пусцілі астатніх прадстаўнікоў СМІ і гледачоў, а абвінавачаныя селі на лаўкі.

Покурор зачытаў абвінавачванні. Згодна з ім, 13 верасня з 16:00 да 18:00 абвінавачаныя ў групе з іншымі асобамі наўмысна актыўна ўдзельнічалі ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. 

У той дзень у Брэсце калона пратэстоўцаў выйшла на скрыжаванне праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў. Там людзі спявалі, танчылі ў карагодзе, пакуль не прыехаў вадамёт і не пачаўся разгон. 

З чатырнаццаці брастаўчан віну прызнаў толькі Даніла Чамаданаў. Яшчэ пяцёра прызналі часткова, а восем чалавек не пагадзіліся з абвінавачваннем.

Алена Гнаук выступіла з хадайніцтвам. Жанчына заявіла, што абвінавачванне "напісанае паводле шаблона" і не адпавядае рэальным абставінам. Яна хадайнічала, каб справу накіравалі Следчы камітэт, які канкрэтызаваў бы абвінавачанне для кожнага чалавека і сказаў, якія менавіта злачынныя дзеянні кожны з іх здзейсніў.

Яе падтрымалі астатнія абвінавачаныя. Але суд пад смех прысутных пастанавіў адхіліць хадайніцтва. Пасля гэтага канвой вывеў трох гледачоў на калідор за парушэнне парадку.

Пасля гэтага ў працэсе быў абвешчаны перапынак. Ён працягнецца 16 красавіка. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.