На суд над "змоўшчыкамі" прывялі затрыманых прафсаюзных лідараў

На суд па "спрабе аб змове" 10 жніўня выклікалі затрыманых прафсаюзных лідараў, паведамляе Sputnik.

Працэс праходзіць у Мінскім абласным судзе. Пад канвоем у залу былі дастаўленыя кіраўнік Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук і яго намеснік Сяргей Антусевіч

Ярашук паведаміў, што знаёмы з шэрагам абвінавачаных. Ён сказаў, што ў жніўні 2020-га сустракаўся з Юрыем Зянковічам у сваім офісе ў Мінску. Па яго словах, Зянковіч разглядаў варыянт змены ўлады неканстытуцыйным шляхам і казаў, што трэба прыцягваць сілавікоў. 

Антусевіч расказаў, што знаёмы з усімі фігурантамі гэтай справы, а ў камеры СІЗА №1 сядзіць разам з Аляксандрам Фядутам. Ён падкрэсліў, што Фядута "інтэлектуальна дапамагае" сукамернікам трымацца.

Па сведчанні Антусевіча, Зянковіч запрашаў яго да ўдзелу ў зум-канферэнцыях змоўшчыкаў, але ён адмовіўся. Пракурор зачытаў паказанні Антусевіча на следстве. У іх сцвярджаецца, быццам у 2020 годзе Зянковіч казаў, што хоча легалізаваць свой статус як прэзідэнта, а пазней хацеў стаць прэзідэнтам Беларусі.

Таксама ў судзе зачыталі пратаколы яшчэ аднаго сведкі — грамадзяніна Украіны. Згодна з імі, Зянковіч планаваў прыцягнуць для змовы грошы багатых прадстаўнікоў ізраільскай дыяспары ў ЗША.

Кіраўнікі беларускіх прафсаюзаў былі затрыманыя 19 красавіка 2022-га. 19 ліпеня дзейнасць шэрагу незалежных прафсаюзаў была спыненая па пазовах генпракурора Андрэя Шведа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.