Вы тут

На "Славянскім базары" забаранілі дарыць кветкі артыстам

Мантаж сцэны ў Летнім амфітэатры​ / fest-sbv.by

На "Славянскім базары ў Віцебску" ў 2020 годзе нельга будзе дарыць артыстам кветкі. Служба бяспекі, якая будзе працаваць на канцэртах у Летнім амфітэатры, цалкам перакрые гледачам доступ да сцэны. Такія меры засцярогі ўводзяцца праз складаную эпідэміялагічную сітуацыю, піша газета "Віцьбічы".

Прыйсці на канцэрт з кветкамі па-ранейшаму можна — адбіраць іх на ўваходзе ў залу ніхто не будзе. Але магчымасці ўручыць іх артыстам не будзе. Замест гэтага арганізатары фестывалю запускаюць акцыю "Букет дабра".

— Будзе адкрыты дабрачынны рахунак. На яго можна будзе ахвяраваць грошы, падрыхтаваныя на кветкі артыстам. Гэтыя сродкі потым будуць накіраваныя на дапамогу дзецям, — расказаў дырэктар фестывалю Глеб Лапіцкі.

XXIX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 16 да 19 ліпеня 2020 года. Як звычайна, будзе конкурс і россып эстрадных канцэртаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.