На пройгрышы Люксембургу беларусы зарабілі па некалькі тысяч долараў

У мінулую суботу зборная Беларусі па футболе нечакана прайграла Люксембургу 0:1. Еўрарадыё вырашыла высветліць, ці зарабіў хто-небудзь з заўзятараў, паставіўшы на перамогу нашых сапернікаў.
Каэфіцыенты ставак у сетках букмекерскіх кантор “Париматч” і “Статус Кво” былі наступнымі: калі б перамагла зборная Беларусі, то ваша стаўка мусіла памножыцца на 1,21. Такім бы быў ваш выйгрыш.

Калі б вы паставілі на зборную Люксембурга, то ваша стаўка магла павялічыцца ў 15 разоў. Памеры ставак і сума выйгрышаў з’яўляюцца камерцыйнай таямніцай букмекераў. Аднак Еўрарадыё ўдалося высветліць, што на Люксембург усё ж ставілі, прычым ставілі немалыя грошы.

Прадстаўнікі “Париматча” дакладныя сумы не назвалі, але пры гэтым адзначылі, што былі стаўкі і па 500 долараў, а, магчыма, і вышэй. Атрымліваецца, што той, хто паставіў на перамогу Люксембурга 500 долараў, выйграў 7500.

Верагодна, былі і тыя, хто ставіў больш. А нават калі і менш, то ўсё адно сума выйгрышаў магла складаць тысяч долараў. Так, што ў гэты вечар былі і тыя, хто радаваўся пройгрышу нашай каманды…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі