Вы тут

На Плошчы Перамен аднавілі мурал з дыджэямі

Адноўлены мурал на Плошчы Перамен / @dzechat

Мінулай ноччу ў дварах на вуліцы Чарвякова ў Мінску зноў з'явіўся мурал з Дыджэямі Перамен — так празвалі гукааператараў, якія мінулым летам на афіцыйным мерапрыемстве ўключылі песню Віктара Цоя "Перамен".

Гэты мурал з'явіўся тут летась, і вакол яго ішла сур'ёзная барацьба: камунальнікі яго змывалі або зафарбоўвалі, а людзі зноў аднаўлялі. У нейкі момант у двары нават выставілі міліцэйскі патруль. Двор атрымаў назву Плошча Перамен.

Адзін з актывістаў двара — Раман Бандарэнка — быў да смерці збіты, калі выйшаў да невядомых грамадзян, якія прыехалі зрэзаць бел-чырвона-белыя стужачкі. Крымінальная справа па факце яго гібелі была распачата, але падазраваных так і не знайшлі. Затое былі асуджаныя журналіст партала TUT.BY Кацярына Барысевіч і лекар Арцём Сарокін за распаўсюд інфармацыі аб тым, што пры паступленні ў бальніцу Бандарэнка быў цвярозы. У той час як Аляксандр Лукашэнка і чыноўнікі настойвалі на тым, што ён быў п'яны.

Яшчэ адзін актывіст Плошчы Перамен Сцяпан Латыпаў ўжо больш сямі месяцаў знаходзіцца ў зняволенні. У дачыненні да яго завялі крымінальную справу. Праўда, прэтэнзіі да яго за гэты час памяняліся. Спачатку яго падазравалі ў тым, што ён хацеў атруціць сем'і сілавікоў, цяпер абвінавачваюць у арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1, 2 арт. 342), супраціве супрацоўнікам органаў унутраных спраў (ч. 2 арт. 363), і махлярстве, здзейсненым ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 209).

На гэтым тыдні TUT.BY са спасылкай на жыхароў двара распавёў, што людзі доўгі час баяліся проста выходзіць на двор. "Многае расцэньвалася як акцыя, і чалавека везлі ў РУУС", казалі яны. Але нядаўна, па іх словах, патруль знялі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.