Вы тут

На жыхара "Плошчы Перамен" Сцяпана Латыпава пачалі крымінальную справу

Да "Плошчы Перамен" прыехала міліцыя / Еўрарадыё

Крымінальную справу пачалі на Сцяпана Латыпава — жыхара дома па Сморгаўскім тракце, 1, дзе знаходзіцца славутая "Плошча Перамен". Пра гэта паведаміў яго адвакат Ілля Пярхальскі. Падрабязнасці юрыст не ўдакладніў. 

Латыпава затрымалі зранку 15 верасня, калі да мурала з Дыджэямі Перамен прыехала міліцыя. Мужчына настойліва прасіў міліцыянтаў прадставіцца, і ў выніку яго затрымалі. У кватэры Латыпава прайшоў ператрус. 

Мінчуку 40 гадоў, ён займаецца прамысловым альпінізмам. У яго рэдкая для Беларусі спецыяльнасць — арбарыст. Латыпаў працуе ў камандзе, якая даглядае і лечыць дарослыя дрэвы, а калі яны паміраюць — пілуюць іх. Пяць гадоў таму арбарыстаў у Беларусі было ўсяго 50 чалавек.

Калі Латыпава выводзілі з дома, жыхары сустракалі яго як героя. Міліцыянтам яны крычалі "Ганьба!". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.