Вы тут

На парадзе 3 ліпеня пройдуць кітайскія вайскоўцы і жанчыны

Фота з архіву сайта president.gov.by

Сёлета ў парадзе 3 ліпеня ў Мінску ўпершыню будуць удзельнічаць кітайскія вайскоўцы. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.

Падрыхтоўка да параду падыходзіць да завяршэння. Цяпер адбываюцца заключныя трэніроўкі парадных разлікаў.

У парадзе прымуць удзел 19 пешых парадных разлікаў і 23 парадныя разлікі ваеннай тэхнікі. Там пройдуць каля 4000 вайскоўцаў і больш за 250 адзінак баявой тэхнікі.

Традыцыйна ў парадзе будуць ісці расійскія вайскоўцы.

Аднак будуць і новаўвядзенні. Упершыню ў парадзе прымуць удзел жанчыны-вайскоўцы беларускага войска і зводны разлік кадэцкіх вучэльняў, спецыялізаваных ліцэяў і кадэцкіх карпусоў.

Таксама ўпершыню ў вайсковым парадзе ў Мінску плануецца ўдзел параднага разліку вайскоўцаў Народна-вызваленчай арміі Кітая.

Генеральныя рэпетыцыі парада адбудуцца 23 і 28 чэрвеня з 23.00 на скрыжаванні праспекта Пераможцаў і праспекта Машэрава ў Мінску.