На офісы вялікія зніжкі, а гандаль не пашыраецца: няма актыўнасці бізнесу

Кампаніі адмаўляюцца ад офісаў або выбіраюць меншыя памяшканні / empire.ru
Кампаніі адмаўляюцца ад офісаў або выбіраюць меншыя памяшканні / empire.ru

Праз тое, што кампаніі пераходзяць на дыстанцыйку і пераязджаюць, рынак нерухомасці перажывае не самыя лепшыя часы. Офіс ужо не абавязковы атрыбут працы кампаніі, у Мінску не адкрываюцца новыя гандлёвыя цэнтры, а гатэлі рады хоць бы невялікаму прыбытку.

Даведаліся ў эксперта, што можа ажывіць рынак камерцыйнай нерухомасці, чым небяспечнае захаванне бягучай сітуацыі і ў чым на рынку нерухомасці беларусы пакуль не могуць разабрацца.
 

Новых кампаній амаль няма, а старыя з'язджаюць

У рэгіёнах рынак офіснай нерухомасці заўсёды быў слабейшы, чым у Мінску, адзначае кіраўнічы дырэктар, партнёр Colliers Belarus Дзяніс Чацверыкоў.

На офисы большие скидки, а торговля не расширяется: нет активности бизнеса
Бізнес-цэнтр "Хваля" ў Мінску / sigmapolus.com

— У крызіс самы моцны ўдар трапляе па самых слабых месцах. Таму за МКАДам рэальна цяжка. У Мінску таксама цяжкавата рынку офісаў. Рэлакейты і дыстанцыйка негатыўна ўплываюць. Патрэба ў офісах прасела на 20-30 адсоткаў. Але не магу сказаць, што ўсе разбегліся, айцішнікі з'ехалі і нікому нічога зусім не трэба.

Па словах суразмоўніка, з пачатку каранавіруса змянілася стаўленне да офісаў. Кампаніі сталі спакайней ставіцца да таго, што офіса няма ці ён маленькі.

— Раней без яго проста нельга было адкрыцца. Цяпер выдаткі на офіс сталі ўспрымацца як нешта залішняе і не зусім абавязковае.

Можна з дому папрацаваць або адправіць персанал у каворкінг. Гэта значыць, попыт скараціўся, і амаль няма новага попыту, таму што практычна няма новых кампаній. Найбуйнейшыя кампаніі патроху пераязджаюць, і на рынку з'яўляецца па 10-20 тысяч метраў квадратных. Гэта вялікія лічбы.

"$300 у месяц за працоўнае месца? Неяк крута"

На думку Дзяніса Чацверыкова, рынак каворкінгаў у Беларусі зусім не развіты.

На офисы большие скидки, а торговля не расширяется: нет активности бизнеса
Буйны каворкінг прапаноўваў Imaguru. Цяпер стартап-хаб выселены з Фабрыцыуса, 4 / imaguru.by

— Былі праекты, якія не стрэлілі. І ёсць шэраг дэвелапераў, якія не могуць здаць офісы і рады б зрабіць каворкінгі. Але пакуль не атрымліваецца. Рынак не навучаны крыху. Плюс дэвелаперы лічаць эканоміку так, што дзяруць, умоўна кажучы, утрая даражэй. І калі табе кажуць: "$300 у месяц за працоўнае месца". Думаеш: "Блін, $300? Неяк крута". Калі б сказалі $100 і там усё сімпатычна — окей.

Не атрымалася ў дэвелапераў працаваць з цэнамі па $300, як і па $200. Бізнес павінен знайсці баланс па цане і разабрацца, як прадаваць і рэкламаваць каворкінгі, хто мэтавая аўдыторыя, лічыць эксперт.

— Перспектывы ёсць, але не выспеў бізнес. Людзі таксама не дайшлі. Хтосьці бачыў прыгожую карцінку, але яшчэ ёсць бар'ер: прыйсці і сесці. Калі гэта опэнспэйс, то кагосьці калоціць ад таго, каб сядзець разам з іншымі. Кабінет можна, але таксама неяк сумна. Уплывае і тое, што выбару на рынку няма. Ёсць шмат памяшканняў, у тым ліку старых заводскіх, з якіх можна зрабіць выдатныя каворкінгі. Таму чакаем.
 

Гатэлям лепш, але становішча нестабільнае

На офисы большие скидки, а торговля не расширяется: нет активности бизнеса
Тэраса DoubleTree у Мінску / Belarus Retail Day

Пандэмія моцна падкасіла сферу турызму летась. Эксперт адзначае, што па афіцыйнай статыстыцы загрузка гатэляў склала ўсяго 30%.

— Думаю, на самай справе нават менш. Цяпер сітуацыя выраўноўваецца. "Топчыкі" нядрэнна сябе адчуваюць. Гэта свежыя гатэлі, з добрым рамонтам і лакацыяй. Яны дайшлі да 50 адсоткаў загрузкі, і ім стае, каб з невялікім плюсам працаваць. Перыферыя і госы, думаю, прыкладна на 20 адсоткаў загружаныя. Свежай афіцыйнай статыстыкі няма. Рыхтуюць, што раз на год цяпер будзе статыстыка — чакайце студзеня.

Суразмоўнік падкрэслівае, што, нягледзячы на паляпшэнне, сітуацыя нестабільная. Прагнозы даваць таксама складана: усё залежыць ад сітуацыі ў краіне.

— Расійскім атэльерам Мінск цікавы вельмі моцна. Яны ў нас вераць і хочуць тут адкрывацца. Калі да нас сапраўды пойдуць расійскія кампаніі, гэта ажывіць рынак нерухомасці. Калі ўсё будзе як цяпер, то і офіснаму сегменту будзе цяжкавата. Стаўкі могуць знізіцца, праектаў стане менш, некаторыя замарозяцца. На працягу нейкага часу будзе стагнацыя, пакуль бізнес не ажывіцца.
 

У Мінску не адкрыўся ні адзін буйны гандлёвы аб'ект

Гандаль у Мінску не пашыраецца. За першае паўгоддзе 2021 года не ўведзена ні аднаго вялікага аб'екта.

На офисы большие скидки, а торговля не расширяется: нет активности бизнеса
ГЗЦ Galleria Minsk / Еўрарадыё

— Аб'ектаў ад 5 тысяч квадратных метраў папросту няма. Такога ніколі не было, — расказвае эксперт на канферэнцыі Belarus Retail Day.

Паводле звестак Дзяніса Чацверыкова, у 2020 годзе ў Мінску для гандлю ўведзена ў эксплуатацыю больш за 70 тысяч квадратных метраў.

Разам з тым застаюцца аб'екты, якія яшчэ будуюцца. Паводле ацэнак эксперта, у наступныя год-паўтара ў Мінску павінны з'явіцца яшчэ 230 тысяч квадратаў гандлёвай нерухомасці.

За пяць гадоў прырост павінен дасягнуць 500 тысяч квадратных метраў.

— Па дасягненні гэтага паказчыка сукупная гандлёвая плошча ў Мінску дасягне двух мільёнаў квадратных метраў, што адпавядае еўрапейскім значэнням, — падсумоўвае Дзяніс Чацверыкоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі